Берасцейская сустрэча 1409 — перамовы ў Берасці ў час Вялікай вайны 1409-1411 паміж каралём Польшчы Ягайлам і вялікім князем ВКЛ Вітаўтам.
Вайна выкліканая агрэсіўнай палітыкай Тэўтонскага ордэна, які на гэты час захапіў тэрыторыю паміж вусцямі рэк Вісла і Нёман, Усходняе Памор'е, Эстляндыю, Жамойцію, востраў Готланд, Новую Марку і пазбавіў рускія княствы, ВКЛ, і Польшчу выхаду да Балтыйскага мора. Паходы і набегі на землі Польшчы і ВКЛ учыняліся крыжакамі па некалькі разоў за год. У снежні 1408 г. на тайнай нарадзе ў Новагародку Ягайла і Вітаўт прынялі рашэнне аб сумеснай вайне Польскага каралеўства і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам. На сустрэчы ў Берасці ў снежні 1409 г. на працягу 9 дзён былі прыняты рашэнні пра план летняй кампаніі 1410 г. і далейшы ход вайны, час і месца збору аб'яднаных ваенных сіл, пабудову пантоннага моста для пераправы праз Віслу. На Берасцейскай сустрэчы прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. У склад войска ВКЛ разам з літоўскімі, рускімі, украінскімі палкамі і татарскай конніцай уваходзілі Берасцейская, Віцебская, Ваўкавыская, Драгічынская, Лідская, Полацкая і інш. харугвы, а таксама валашскія, чэшска-мараўскія, венгерскія атрады.
План, распрацаваны падчас сустрэчы, быў рэалізаваны 15 ліпеня 1410 у бітве пад Грунвальдам.
Літаратура