Нарадзіўся 16 мая 1911 года ў в. ЕўлічыСлуцкага паветаМінскай губерні ў сялянскай сям’і. Быў старэйшым дзіцем у сям’і, акрамя яго было яшчэ двое братоў і дзве сястры[2].
У 1935 годзе адбылося яго знаёмства з будучай жонкай яўрэйкай Вольгай (Эльке) Рыгораўнай Лерман[2]. У 1936 годзе яны пабраліся шлюбам. Вольга была трэцяй па ўзросце з сямі дочак у сям’і Рыгора і Рахілі Беркаўны Лерманаў. Яе малодшая сястра Геня выйшла замуж за паэта Рыгору Суніцу, брата Міхася Лынькова[3]. У 1937 годзе ў Цімоха і Вольгі нарадзіўся сын Вісарыён, названы бацькам у гонар рускага пісьменніка Вісарыёна Бялінскага[2].
У час сталінскіх рэпрэсій, у 1937 годзе быў выключаны з камсамола і выгнаны з рэдакцыі «Чырвонай змены» «за страту пільнасці і лібералізм». На працу не бралі, дапамог Рыгор Лынькоў, які ўзяў на сваё імя часовую работу і перадаў яе Крысько. Гаспадыня прыватнага дамка на вуліцы Розы Люксембург, якая здавала сям’і пакойчык, спалохалася і пагнала іх з кватэры. Тады Міхась Лынькоў дамогся праз Літфонд, каб яго пасялілі ў флігельку вартаўніка пры Доме творчасці ў Пухавічах. У гэты час Цімох Крысько захварэў на сустаўны раматус і пачаў хадзіць з кіёчкам. Праз дзевяць месяцаў быў адноўлены на працы[4]. Працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» (1937—1938) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938—1939)[1].
У лістападзе 1939 года яго прызваны ў армію. Служыў у Чырвоным Урочышчы пад Мінскам[4]. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР[1]. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны пераехалі ў Гомель, дзе Крысько пайшоў у ваенкамат, каб стаць добраахвотнікам, але яго не ўзялі з прычыны кепскага зроку і адразу накіравалі ў Маскву працаваць у беларускіх выданнях. Размінуўся з жонкай і сустрэўся з ёй толькі пад канец вайны. Вольга пешкі з двума маленькімі дзецьмі на руках дайшла з Гомеля ў Оршу, а потым дабралася да Смаленска, дзе здолела сесці на цягнік. Так сям’я апынулася ў эвакуацыі ў Кургане[4].
Цімох працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 года — у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну».
З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 года — намеснікам, з 1951 года — галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957—1974 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974—1987 гадах — член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943 года.
Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 ў Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах[1].
Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы, пісаў артыкулы пра К. Чорнага, М. Лынькова, М. Танка, Я. Брыля, В. Сухамлінскага і іншых. У 1977 выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 — кнігу «Урокі», у 1988 — «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1 (1969), 2 (1970) і 3 (1988) класаў[1].
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка»[1]. У 1978 годзе ўзнагароджаны дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Х. К. Андэрсена (1978)[1] з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.
↑ абвгдеёжзікВитка Василь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 115. — 737 с.
Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. — Мн., 1976.
Гілевіч Н. Талент удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. — Мн., 1978.
Беларуская дзіцячая літаратура. 2-е выд. — Мн., 1980.
Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994. ISBN 5-340-00709-X
Грахоўскі С. З разведчыкаў шчасця (Успаміны. Публіцыстыка). 1986. Гл. на www.grahouski.org.
Каліта І. Сімволіка малой радзімы ў літаратурнай спадчыне Васіля Віткі. In: Малая радзіма ў творчасці беларускіх пісьменнікаў. — Мінск: Беларуская навука, 2022, 219 с., c. 122—147.ISBN 978-985-08-2858-3.
Лынькоў М. Шукальнік запаветнага слова, «Маладосць», 1961, № 5;
Пісьменнікі Савецкай Беларусі. Кароткі біябібліяграфічны даведнік.— Мн., 1970.