У 1991—1996 выступаў за «Дынама (Мінск)». У 1995 быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.
У 1996 перайшоў у «Дынама (Кіеў)». У вышэйшай лізе Украіны ў складзе «Дынама» Кіеў дэбютаваў 20 ліпеня 1996 у матчы з камандай ЦСКА (Кіеў). Кар’ера Бялькевіча ў кіеўскім «Дынама» пачыналася цяжка — на працягу двух гадоў пасля пераезду ў сталіцу Украіны вельмі рэдка з’яўляўся ў асноўным складзе (у той час трэнерам кіяўлян быў Ёжэф Сабо). Сітуацыя змянілася з вяртаннем у клуб Валерыя Лабаноўскага.
Цудоўна ўзаемадзейнічаў з парай нападнікаў Шаўчэнка-Раброў, складаючы «ўдарны» трохвугольнік «Дынама». Для гульнявой мадэлі, якую ўвасабляў у жыццё Валерый Лабаноўскі, Бялькевіч стаў неабходным элементам сістэмы «Дынама» — менавіта ён быў сувязным звяном паміж надзейнай і насычанай абаронай кіяўлян і мабільным нападам у асобе Шаўчэнка і Раброва. Менавіта ён арганізоўваў ільвіную долю імклівых і паражальных контратак, якія сталі фірмовым стылем «Дынама» канца 90-х. У 2001 прызнаны найлепшым гульцом украінскага чэмпіянату.
Жыў у Кіеве. 1 красавіка 2008 года атрымаў украінскае грамадзянства.
Выступы за зборную Беларусі
За зборную ён згуляў 56 матчаў, забіў 10 галоў. Быў адным з лідараў беларускай зборнай у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года, калі каманда заняла трэцяе месца ў групе. У кастрычніку 2005 Валянцін Белькевіч завяршыў выступы за нацыянальную зборную Беларусі.
Гульнявая характарыстыка
«Мозг» каманды, прыроджаны плэймэйкер, «дырыжор» гульні, які здольны адной вострай перадачай вырашыць лёс матчу. Вельмі тэхнічны і элегантны футбаліст, ад гульні якога заўзятары атрымліваюць велічэзнае эстэтычнае задавальненне. Майстар звышдакладных перадач, футбаліст, які «гуляе» галавой і цудоўна «бачыць» поле. Штатны выканаўца стандартных становішчаў. Нямала галоў забівае са штрафных, хоць не адрозніваецца моцным ударам. Часцей за ўсё забівае абвадзячымі ўдарамі «на тэхніку». Рэдка гуляе галавой, не любіць уступаць у сілавую барацьбу. Атлетызм і цягавітасць — гэта не яго моцныя бакі, не заўсёды вытрымлівае 90 хвілін у высокім тэмпе (цікава, што нават у самых удалых для Валянціна сезонах часцяком выходзіў на замену, але і 30-35 хвілін яму хапала, каб кардынальна памяняць ход гульні). Хоць пры Лабаноўскім выконваў і шмат чарнавой працы (камандны прэсінг, перакрыцце зон, адбор мяча). У прынцыпе, не адрозніваецца асаблівай хуткасцю, але з лішкам кампенсуе гэта хуткасцю нестандартнасцю прыняцця рашэнняў у складаных сітуацыях.
Вылучаўся джэнтльменскімі паводзінамі на полі, вельмі рэдка парушаў правілы. Меў вялікі аўтарытэт у камандзе, абіраўся капітанам і віцэ-капітанам.