Буёўскае — возера ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Мошна, за 2 км у напрамку на захад ад гарадскога пасёлка Лёзна.
Плошча паверхні Буёўскага возера 0,72 км². Даўжыня 2,65 км, найбольшая шырыня 0,38 км, даўжыня берагавой лініі 5,84 км. Найбольшая глыбіня 13 м, сярэдняя 6,2 м. Плошча вадазбору 9,4 км². Аб'ём вады ў возеры 4,46 млн м³. Катлавіна возера выцягнутая ў напрамку з захаду на ўсход, лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй да 3 м, на поўначы возера да 10 м. Берагі вышынёй да 0,6 м, пясчаныя. Заходнія і ўсходнія берагі сплавінныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Дно возера карытападобнай формы. Зона мелкаводдзя вузкая і пясчаная. Астатняя частка дна возера выслана крэменязёмістым сапрапелем. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Расліннасць распаўсюджваецца да глыбіні 2,2 м і да адлегласці 5—20 (на поўначы да 50) метраў. З Буёўскага возера выцякае ручай у раку Мошна.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, акунь, лінь, плотка, гусцяра, краснапёрка і іншыя рыбы.
Уздоўж паўднёвага берага возера пралягае аўтамабільная дарога Н2910.