Бо́лныра, Бо́лнара — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Сосніца, за 38 км у напрамку на паўночны ўсход ад Полацка.
Плошча паверхні возера 2,7 км². Даўжыня 2,1 км, найбольшая шырыня 1,7 км, даўжыня берагавой лініі 5,6 км. Найбольшая глыбіня 4 м, сярэдняя 2,1 м. Аб'ём вады ў возеры 5,7 млн. м³. Плошча вадазбору 64,6 км².Катлавіна возера круглаватай формы з невыразнымі схіламі. Берагавая лінія слабазвілістая, берагі нізкія і забалочаныя. Дно плоскае, выслана ілам. Вакол возера забалочаная мясцовасць шырынёй да 3 км. Расліннасць распаўсюджваецца да адлегласці 150 м ад берага возера. Праз возера працякае рака Дражбітка. На паўночным захадзе выцякае канал у возера Жэльцы. Таксама існуе сцёк па канале ў раку Свіна.
У возеры водзяцца лешч, шчупак звычайны, акунь, гусцяра, плотка, лінь і іншыя рыбы.