Блонь[1] (трансліт.: Bloń) — аграгарадок[2] у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Блонскага сельсавета. Месціцца за 1 км на поўдзень ад Мар’інай Горкі, 51 км ад Мінска, 4 км ад чыгуначнай станцыі Пухавічы, на рацэ Цітаўка.
Першапачатковая назва — сяло Балоннае, Балонскае. Балонь, балонне — нізкі заліўны луг каля ракі[3][4].
У пісьмовых крыніцах Блонь вядома з XVI стагоддзя. У 1582 годзе сяло Балоннае (Балонскае) у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
Маёнтак Блонь належаў розным асобам. Адзін з іх, Юзаф Бака, у 1745 годзе заснаваў у Блоні місію езуітаў. Юзаф (1707—1780), сын Адама Бакі, скарбніка мсціслаўскага, у 1723 годзе ўступіў у ордэн езуітаў і пабудаваў у 1742 годзе ў Блоні драўляны касцёл, а ў 1745 годзе — драўляны кляштар (дом, які стаў рэзідэнцыяй езуіцкай місіі). Паводле мясцовых паданняў, касцёл і рэзідэнцыя злучаліся падземным ходам. Пасля смерці Юзафа Бакі маёнтак Блонь перайшоў ва ўласнасць айцоў-езуітаў[5], але дзейнасць езуіцкай місіі была спынена.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. З 1793 года сяло ў Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета, з 1795 года Блонь атрымала статус мястэчка.
Паводле перапісу 1800 года былі мястэчка і сяло Блонь, у якіх быў касцёл, 2 царквы і карчма. У 1826 годзе была пабудавана Свята-Троіцкая царква.
У пачатку XIX стагоддзя маёнтак ненадоўга перайшоў да Панінскіх, а потым да Асоўскіх. За ўдзел уладальніка маёнтка ў паўстанні 1863 года, расійскія царскія ўлады канфіскавалі маёнтак, а пазней перадалі яго ва ўладанне чыноўніку Іосіфу Бонч-Асмалоўскаму, сапраўднаму стацкаму саветніку, члену Губернскай прысутнасці па сялянскіх справах. Анатоля Бонч-Асмалоўскага, сына Іосіфа, выгналі за ўдзел у хваляваннях з Пецярбургскага ўніверсітэта і саслалі ў Блонь да бацькі. Бацька завяшчаў сядзібу сыну без права продажу[6]. Паводле спісу землеўладальнікаў Пухавіцкай воласці Мінскай губерні 1889 года, падрыхтаванага І. Е. Краўцовым, Асмалоўскі-Бонч Анатоль Восіпавіч, дваранін, праваслаўны, валодаў, сярод іншых, маёнткам Блонь Пухавіцкай воласці на 880 дзесяцін зямлі.
У 1869 годзе ў Блоні адкрыта народнае вучылішча, у якім на 1892 года вучылася 55 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. У 1877 годзе закладзены крухмальны завод. Паводле звестак 1866 года ў сяле была праваслаўная царква, касцёл, вадзяны млын, народнае вучылішча (65 вучняў), адбываліся 2 штогадовыя таржкі, у маёнтку Бонч-Асмалоўскіх была бібліятэка і народніцкі гурток на чале з Анатолем Бонч-Асмалоўскім.
У 1899 годзе Анатоль Бонч-Асмалоўскі са сваёй жонкай Варварай Бонч-Асмалоўскай (Вахоўскай) заснавалі ў вёсцы так званую Блонскую сялянскую арганізацыю, якая праіснавала да 1908 года, у межах якой праводзілі адукацыйна-асветніцкую дзейнасць сярод сялян. Найбольш кемлівым сялянам гаспадары маёнтка давалі кнігі, праводзілі ў маёнтку вечарынкі для сялян, сваіх дзяцей пасылалі ў мясцовую сельскую школу, летам аддавалі ў работнікі да сялян. Пасля ўзнікнення ў Мінскай губерні ў канцы 1890-х гадоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі, адным з кіраўнікоў якой стаў Бонч-Асмалоўскі, сярод жыхароў Блоні і суседніх вёсак узмацнілася рэвалюцыйная агітацыя. Гэтаму садзейнічалі таксама сябры Бонч-Асмалоўскага па партыі, таксама народнікі, муж і жонка С. Клячко і Л. М. Клячко-Радзівонава, якія ў 1896 годзе прыехалі ў Пухавічы[7]. У выніку, у 1899 годзе сярод сялян Блоні ўзнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. У ім налічвалася каля 20 чалавек: М. і А. Цехановічы, Н. і C. Мігуцкія, Р. Абрачынскі, М. Васкабойнік, А. Буцанец і іншыя. Гурток меў бібліятэку, аказваў матэрыяльную дапамогу сялянам. На сходах гурткоўцы абмяркоўвалі палітычныя і эканамічныя праблемы, распаўсюджвалі рэвалюцыйную літаратуру. Пад уплывам гуртка знаходзіліся і жыхары суседніх вёсак — Клятное, Кляцішын, Сінча, Церабуты. У 1898—1899 гадах у маёнтку некалькі месяцаў жыла народніца Кацярына Брэшка-Брашкоўская. Таксама ў Блонь прыязджалі нарадаволец С. П. Кавалік, народнікі Р. А. Гершуні, Я. К. Судзілоўская, Е. У. Нікіфарава і Л. П. Нікіфараў, марксісты С. Мяржынскі і П. Румянцаў, рускі пісьменнік Я. Чырыкаў і іншыя. У 1901 годзе гурток быў разгромлены. Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М. Цехановіч на 4 гады адпраўлены ў ссылку, астатнія ўзяты пад асобы нагляд паліцыі.
У 1903 годзе вакол селяніна В. Катка (Федарончыка), які знаходзіўся пад уплывам эсэраў, пачаў складацца новы гурток. У яго ўвайшлі жыхары Блоні В. Кавальчук, Р. Сарачынскі, В. Цехановіч і А. Буцанец. Сходкі праводзілі ў доме В. Слаболера. Удзельнікі гуртка распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэлігійныя погляды. Аднак, ужо ў траўні 1903 года, Каток быў высланы на жыхарства ў Мінск, і дзейнасць гуртка была прыпынена. Зноў актывізавалася ў канцы 1904 года, пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і М. Цехановіча, якія ў 1905 годзе заснавалі суполку Усерасійскага сялянскага саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арганізацый РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады.
Сумеснымі намаганнямі рэвалюцыйных партый у Блоні пачалася падрыхтоўка сялян-агітатараў, якія разыходзіліся па суседніх маёнтках і вёсках. Агітатары наймаліся батракамі, кавалямі і цеслярамі, яны вялі масавую прапаганду рэвалюцыйных ідэй, рыхтавалі выступленні сялян супраць памешчыкаў. Прадстаўнікі Блоні — Анатоль Бонч-Асмалоўскі і Р. Гайдук — удзельнічалі ва Устаноўчым з’ездзе Усерасійскага сялянскага саюза (31.07 — 1.08.1905). З дапамогай свядомых сялян — М. Лукашыка, М. Цехановіча, Катка, С. Мігуцкага, Дз. Васкабовіча, В. Шыбайлы рэгулярна праводзіліся мітынгі, якія збіралі да 500 чалавек з навакольных мясцін. З 1906 года, у сувязі з узмацненнем паліцэйскага рэжыму, дзейнасць палітычнага гуртка ў Блоні страціла сваю актыўнасць, паменшыўся ўплыў РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады. Анатоль Бонч-Асмалоўскі с жонкай і сынам, а таксама найбольш актыўныя з сялян былі прыцягнуты да судовага следства. У сядзібе выявілі склад забароненай літаратуры, якая паступала ў Блонь з-за мяжы і перадавалася ў Пецярбург.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы.
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх нацыяналізаваная. У 1922 годзе працавала школа 1-й ступені. На базе колішняга маёнтка створаны саўгас «Чырвонае Полымя», меў 2 млыны, крупадзёрку, маслабойку, у 1924 годзе лесапільны і крухмальны завод, пры якім была электрастанцыя, малатарня, кармарэзка, мукамольня. з 20 жніўня 1924 года цэнтр Блонскага сельсавета Пухавіцкага раёна Менскай акругі, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У пачатку 1930-х працавалі саўгас «Блонь», калгас «Асаавіяхім», былі 2 кузні, 2 сталярныя і слясарныя майстэрні.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. Было спалена 119 з 189 дамоў[8].
У 1967 годзе да Блоні быў далучаны Пасёлак Саўгаса «Індустрыя».
З 19 жніўня 1982 г у вёсцы дзейнічае народны калектыў «Зарачанка»[11].