Бані́стыка (фр.: bonistique) — дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае папяровыя грашовыя знакі як крыніцу эканамічнай і палітычнай гісторыі грамадства. Узнікла ў пачатку 20 ст., цесна звязана з нумізматыкай.
На Беларусі вядомы з часу далучэння яе тэрыторыі да Расійскай імперыі (Віцебская і Магілёўская губерні — пасля 1772, у заходніх губернях — з 1794). У 1843—1917 гадах абарачаліся крэдытныя білеты наміналам ад 50 капеек да 500 рублёў. У 19 ст. заменнікі папяровых грошай («ярлык», «квітанцыя», боны, чэкі і да падобныя) абмежавана выпускалі ўладальнікі магазінаў, фірмаў, фабрык, рэлігійных суполак у Брэсце, Ваўкавыску, Зэльве, Кобрыне, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме, Слуцку і інш.
У час Першай сусветнай вайны ўлады Расіі павялічылі выпуск папяровых грошай і іх заменнікаў (чэкаў, сертыфікатаў, купонаў і іншых).
Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года, у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі працягвалі абарачацца «раманаўскія» і «мікалаеўскія» банкноты, «керанкі», узаконена выкарыстанне аблігацый дзяржаўнай пазыкі і іх купонаў.
У часы германскай і польскай акупацыі Беларусі (1915—1920) у абарачэнні былі боны, квітанцыі, талоны, аблігацыі з наддрукоўкамі. Іх выпускалі ў Бабруйску, Гомелі, Гродне, Ігумене (Чэрвень), мястэчку Колышкі (Віцебская вобласць), Лідзе, Лагойску, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Пінску, Рагачове, Слуцку і інш. У абарачэнні былі расійскія рублі, фінскія маркі, нямецкія пфенінгі, рэйхсмаркі, острублі, украінскія карбованцы. У Заходняй Беларусі абарачаліся польскія маркі, з 1924 — злотыя.
На тэрыторыі БССР у абарачэнні адначасова былі «саўзнакі» і чырвонцы, з 1922 — казначэйскія білеты (рублі) дробных наміналаў. У Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Беларусі абарачаліся часовыя заменнікі грошай (савецкія рублі, акупацыйныя маркі, рэйхсмаркі). Пасля вайны адноўлена савецкае грашовае абарачэнне.
У 1992 годзе Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў як самастойны плацежны сродак разліковыя білеты вартасцю ў 50 капеек, 1, 3, 5, 10, 25 (усе зняты з абарачэння ў 1995), 50 (зняты з абарачэння ў 1996), 100, 200, 1000, 5000, з 1994 — 20 000, з 1995 — 50 000 рублёў.