Асе́наўград (балг.: Асеновград), да 1934 года — Станімака — горад на поўдні Балгарыі ў Плоўдзіўскай вобласці. Размешчаны за 19 км на поўдзень ад Плоўдзіва і за 165 км ад Сафіі. З’яўляецца другім па велічыні горадам у вобласці і адміністрацыйным цэнтрам абшчыны Асенаўград. Асенаўград — найбуйнейшы ў Балгарыі горад, які не з’яўляецца абласным цэнтрам, а таксама найбуйнейшы горад Радопаў.
Над горадам знаходзяцца разваліны крэпасці, якая была ўмацавана Іванам Асенем II і пераўтворана ў важны фарпост у абароне паўднёвых граніц Другога Балгарскага царства.
Горад вядомы сваімі шматлікімі цэрквамі, манастырамі і капліцамі, і яго часта называюць «Маленькі Іерусалім». Таксама вядомы як «Горад вясельных сукенак» з-за вялікай колькасці атэлье і крам адзення і аксэсуараў для вяселля.