Аркадыя, Аркадзія — былая вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці за 7 км на поўдзень ад Брэста, 7 км ад чыгуначнай станцыі Брэст-Цэнтральны, на усходзе меліярацыйны канал. З 21 снежня 2007 года ў складзе горада Брэста. Аркадыя ўваходзіла ў склад Гершонскага сельсавета.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. як сяло ў Берасцейскім павеце і ваяводстве ВКЛ. Тут 15 верасня 1648 года пакараны смерцю ігумен брэсцкага Сімяонаўскага манастыра Афанасій Філіповіч.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. Уваходзіла ў склад дзяржаўнага маёнтка Пажэжын. У 1868 годзе пазначана як сяло ў Гершонскім царкоўным прыходзе. Вяскоўцы ўваходзілі ў Пажэжынскую сельскую грамаду. У 1878—1888 гадах паблізу вёскі пабудаваны крапасны форт № 5. У 1890 годзе сялянам Аркадзійскага сельскага таварыства, у якое ўваходзілі вёскі Дубінкі і Аркадзія, належала 283,3 дзес. зямлі.
На мяжы 19—20 ст. пабудавана драўляная Афанасіеўская царква.
У 1905 годзе вёска ў Камянец-Жыровіцкай воласці Брэсцкага павету Гродзенскай губерні.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, у Камянец-Жыровіцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.
З 1939 года ў складзе БССР. У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 8 двароў, знішчылі 10 жыхароў; 8 вяскоўцаў загінулі на фронце.
У 1950 годзе арганізаваны калгас імя Малянкова, які аб'яднаў 40 гаспадарак; пазней увайшоў у склад саўгаса «Прыбужжа», а ў 1992 годзе ператвораны ў аднайменныы калгас. У складзе камунальнага ўнітарнага сельска-гаспадарчага прадпрыемства «За мір» (цэнтр — в. Страдзеч).
На мяжы 19—20 ст. на месцы гібелі пісьменніка-публіцыста XVII ст. і ігумена Брэсцкага, святога праваслаўнай царквы — прападобнамучаніка Афанасія Філіповіча была ўзведзена драўляная царква-капліца. У 1988 капліца была абноўлена і асвечана, а ў 1996 з блаславення Алексія II у Аркадыі быў адкрыты Свята-Афанасьеўскі Брэсцкі мужчынскі манастыр.
За 2 км на паўднёвы захад ад вёскі размешчаны крапасны форт № 5 — узор фартыфікацыйнага будаўніцтва канца 19 — пач. 20 ст.