Адкрыты чэмпіянат Уэльса 2006 (англ.: Welsh Open 2006) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 27 лютага па 5 сакавіка 2006 года на арэне Ньюпарт Цэнтр, у Ньюпарце, Уэльс. Турнір стаў 15-м розыгрышам адкрытага чэмпіянату Уэльса, які праводзіцца штогод з 1992 году. Прызавы фонд чэмпіянату склаў £225,000, з якіх £35,000 атрымаў пераможца.
Пераможцам турніру стаў Стывен Лі, які перайграў на сваім шляху да тытула Дру Генры (5:2), Марка Сэлбі (5:2), Грэма Дота ў чвэрцьфінале (5:2), Энтані Хэмілтана ў паўфінальным матчы (6:5) і чэмпіёна свету Шона Мёрфі ў фінальным паядынку (9:4). Такім чынам, 31-гадовы англічанін выйграў свой чацвёрты рэйтынгавы тытул у кар'еры, а таксама першы турнір амаль за 4 гады (пасля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Шатландыі ў красавіку 2002 года).
Прызавы фонд застаўся на тым жа ўзроўні, што і ў мінулым годзе, склаўшы £225,000. Першы прыз спаборніцтва таксама не змяніўся, застаўшыся на ўзроўні £35,000.
Адкрыты чэмпіянат Уэльса 2006 меў такое ж размеркаванне рэйтынгавых ачкоў, як і на іншых турнірах у сезоне, акрамя двух найбуйнейшых (чэмпіянат Вялікабрытаніі і чэмпіянат свету), а таксама Гран-пры, які меў іншы фармат кваліфікацыі, аднак рэйтынгавыя ачкі за месцы ў асноўнай стадыі былі тымі ж. Пераможца турніру атрымаў 5000 рэйтынгавых ачкоў. Пры гэтым за перамогі на чэмпіянаце Вялікабрытаніі і чэмпіянаце свету снукерысты атрымлівалі 7500 і 10000 адпаведна.