Прадстаўляў пінскую шляхту на апошнім сойме Рэчы Паспалітай у Гародні ў 1793 г. Паводле Эвы Зяліньскай, Адам Скірмунт пагаджаўся задаволіць прэтэнзіі Расіі, але быў праціўнікам Прусіі, настойваў на эвакуацыі яе войск з тэрыторыі Рэчы Паспалітай і кампенсацыі нанесенай імі шкоды. У 1794 г. як кандыдатура расійскага пасла Восіпа Ігельстрома і біскупа Юзафа Касакоўскага ён быў уключаны ў склад Пастаяннай Рады. Адбылося гэта насуперак меркаванню караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аднак «усходнія апекуны» таксама крытыкавалі Адама
Скірмунта, які часта аспрэчваў прапановы расійскага пасла.
[…] места Пінск, некалі гандлёвае і шматлюднае праз розныя краёвыя рэвалюцыі або праз шматлікія пажары зруйнаванае да такой ступені, што толькі след мясцовай юрысдыкцыі, раней называнай Магдэбургіяй, з невялікай лічбай мяшчан у ім застаўся, у той жа час кіраўніцтва старасты [Тамаша Скірмунта] так далёка пашырыла межы сваёй улады, што ўсе фундушы, прыбыткі і выгоды на ўпрыгожванне, парадак ды іншыя патрэбы места ад Найсвятлейшых Каралёў Польскіх і Вялікіх Князёў Літоўскіх прывілеямі перад і пасля ўнійнымі, Канстытуцыямі сеймавымі зацверджаныя і нададзеныя, былі незаконна адабраны на карысць старасты.
Менавіта ўвесь прыбытак прапінацыі ад вырабу і продажы ў месце напояў, а таксама чыншы з мясцовых пляцаў, купецкіх крамаў, з камораў солі ды інш., з крамаў хлебных і мясных, таксама прыбытак з Дома гасціннага, прыбытак за вагу і вымярэнні з васкабойні, цырульні і лазні. Таксама ад […] гандлюючых на Рынку і Рыбным базары ды іншых базарах, адным словам, усё, што павінна ісці на ўтрыманне, упрыгожванне і парадак з самых старажытных часоў наданых і выкарыстаных, усё гэта названым ваяводам [гетманам Міхалам Казімірам Агінскім] з папярэднікамі сваімі, старастамі пінскімі адабрана, места апрача жахлівых карцін знішчанай Ратушы пакінуў без найменшых фундушаў. Таксама на самым пачатку сваёй улады стараста, заключыўшы на шкоду места Пінска змову з названымі Скірмунтам войтам места Пінска [Адам Скірмунт] і Бароўскім, у той час намеснікам замкавым Пінска, грунт мясцовы Бронага да шасці валок, які з незапамятных часоў быў уласнасцю пінскіх мяшчан (пра тое сведчыць Маніфест, унесены у гродскія акты Берасцейскага ваяводства) з фальваркам Вайтоўскім і млынам ветраным забраў і да гэтага часу прыбытак сабе забірае. Акрамя таго, розныя манаполіі, якія сціскаюць гандаль і перашкаджаюць прамысловасці, надзвычайныя падаткі як ад солі, што прывезена на продаж, ад продажы алею, дзёгцю, а таксама яблык, цыбулі ды іншага харчу на мяшчан пінскіх, якія жывуць з працы сваіх рук і з прамысловасці, накінуў.
Названы Гетман пасля атрымання Эканоміі Пінскай усялякі ўваход у пушчу Эканоміі Пінскай, нягледзячы на даўнія правы і звычаі, мяшчанам пінскім забараніў. Таксама, будучы старастам пінскім, аўстэрыю на самым Рынку места збудаваў, і па гэты час на шкоду прапінацыі мясцовай прыбытак незаконна забірае.
У выніку шляхцічы былі прызнаныя каралём і вялікім князем вінаватымі ў тым, што пазбавілі пінскіх мяшчан законных прывілеяў, прысвоілі гарадскую маёмасць, наклалі вялізарныя падаткі на гандаль і прамысловасць і г. д. Суд прызнаў справядлівасць скаргі і прымусіў адмяніць усе незаконныя акты, якія парушалі правы пінчукоў. Адначасна ў земскім судзе Пінскага павета разглядаўся пазоў Адама Скірмунта да гетмана Міхала Казіміра Агінскага, які быў вінаваты яму значную суму грошай і не спяшаўся яе вяртаць. Суд падтрымаў пазоў і абавязаў гетмана выплаціць Адаму Скірмунту 1 тыс. чырвоных злотых па набытых у гетмана аблігацыях і амаль 2,5 тыс. злотых як працэнтаў за ранейшы доўг. Судовыя працэсы не пашкодзілі палітычнай кар’еры Адама Скірмунта.
Памёр каля 1820 г. Вынікі экспедыцыі па Піншчыне ў 2004 г. дазваляюць лічыць верагодным месцам пахавання Адама Скірмунта могілкі в. АховаПінскага раёна.