Інтэрнацыяналізм (ад лац.: inter — «паміж» і natio — «народ») — ідэалогія, якая прапаведуе дружбу і супрацоўніцтва паміж нацыямі. Існуюць розныя варыянты інтэрнацыяналізму: у прыватнасці, пралетарскі інтэрнацыяналізм у марксізме пазначае салідарнасць пралетарыяў розных краін у барацьбе супраць эксплуататараў. У наш час гэтым тэрмінам пазначае сябе таксама левая ідэалогія, якая спрабуе прапанаваць альтэрнатыўны варыянт глабалізацыі. Паняцце выкарыстоўваецца ў якасці антытэзы нацыяналізму. У савецкай ідэалагічнай сістэме пралетарскі інтэрнацыяналізм супрацьпастаўляўся з аднаго боку «буржуазнаму нацыяналізму», які разумеецца як шавінізм і ідэалогія нацыянальнай выключнасці, а з іншага боку «буржуазнаму касмапалітызму», што разумеецца як адмаўленне ўсякіх нацыянальных каранёў.
Інтэрнацыяналізм у марксізме
У ідэалогіі марксізму паняцце «пралетарскі інтэрнацыяналізм» звязана з супярэчнасцямі паміж імперыялістычнымі дзяржавамі і пралетарыятам. Пры капіталізме інтэрнацыяналізм выражаецца ў міжнароднай салідарнасці працаўнікоў супраць войн, якія вядуць імперыялісты, супраць нацыяналізму і шавінізму, а таксама ў абароне агульначалавечых каштоўнасцей. Пасля перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі інтэрнацыяналізм павінен стаць часткай ідэалогіі новага грамадства, якая вядзе да камунізму: бяскласаваму грамадству і адміранню (нацыянальнай) дзяржавы.
З гэтай мэтай марксісты стварылі ў перыяд да 1914 года дзве міжнародныя арганізацыі салідарнасці сацыялістаў (сацыял-дэмакратаў): I Інтэрнацыянал (1864—1876), а затым II Інтэрнацыянал (1889—1914).
У 1914 большая частка сацыял-дэмакратаў (у тым ліку II Інтэрнацыянал) падтрымала свае ўрады ў Першай сусветнай вайне і ўстала на нацыяналістычныя пазіцыі; меншасць адмаўляла «імперыялістычную вайну», разглядаючы яе як сутыкненне паміж імперыялістамі, якое не залежыць ад інтарэсаў працаўнікоў, а таксама як зручная нагода («вайна паміж Аўстрыяй і Расіяй была б карысная» — Ленін) для рэвалюцыі і ўсталявання дыктатуры пралетарыята. Пасля прыхільнікі гэтай лініі (якія прыйшлі ў кастрычніку 1917 да ўлады ў Расіі) сталі зваць сябе не сацыял-дэмакратамі, а камуністамі і заснавалі ў 1919 III Інтэрнацыянал (Камінтэрн), распушчаны ў 1943.
Паслядоўнікі сацыял-дэмакратыі стварылі ў 1951 Сацыялістычны інтэрнацыянал, які з'яўляецца правапераемнікам II Інтэрнацыянала. Л. Д. Троцкім быў створаны як процівага сталінізму IV Інтэрнацыянал (1938), аднак ён неўзабаве пасля забойства Троцкага (1940) распаўся на некалькі груп; далейшыя расколы і аб'яднанні прывялі да таго, што цяпер існуе некалькі трацкісцкіх арганізацый, якія прэтэндуюць на пераемнасць з IV Інтэрнацыяналам.
Прынцып інтэрнацыяналізму дэклараваўся як адзін з асноўных у камуністычных аднапартыйных дзяржавах у перыяд 1917—1991 гг., хоць на практыув ад яго бывалі значныя адступленні (асабліва пачынаючы з кіравання Сталіна, які абвясціў прынцып «сацыялізму ў адной краіне», а затым праводзіў шэраг нацыяналістычных ідэалагічных кампаній)[1][неаўтарытэтная крыніца?]. З аднаго боку, у 1920-я—пачатку 1930-х мелі месца кампаніі «карэнізацыі», гэта значыць гвалтоўнае ўкараненне «тытульных» моў і культур пэўных рэспублік, а з іншага, у 1930-я—1940-я — культурныя абмежаванні і рэпрэсіўныя акцыі па нацыянальнай прыкмеце.
Інтэрнацыяналізм і глабалізацыя
Сучасная глабалізацыя рынку, як сцвярджаюць яе крытыкі, не з'яўляецца інтэрнацыяналістычнай з'явай, паколькі звязана толькі з эканамічнай інтэграцыяй, а палітычныя і грамадскія аспекты застаюцца ў цені. Акрамя таго, эканамічная сістэма, якая ўсталёўваецца ў выніку глабалізацыі, адрозніваецца ад ідэалу інтэрнацыяналістаў. Сучасны левы антыглабалізм, выразнікам якога з'яўляюцца ў прыватнасці члены Сусветнага федэралісцкага руху, быўшы інтэрнацыяналістычным па сваіх устаноўках, прапаведуе «глабалізацыю сацыяльнай салідарнасці»; нярэдка высоўваецца ідэя «іншай глабалізацыі» (альтэраглабалізму).
Малады палітычны рух пірацкіх партый узяў на ўзбраенне прынцып глабалізацыі. У 2010 з'явіўся Інтэрнацыянал Пірацкіх Партый, які спрабуе адказаць на глабальныя выклікі ў галіне аўтарскага права і патэнтаў, аховы прыватнасці, празрыстага кіравання.
Пытанне аб сусветным урадзе
Шэраг інтэрнацыяналістаў падтрымліваюць стварэнне сусветных каардынацыйных арганізацый тыпу ААН і выступаюць у перспектыве за моцны «сусветны ўрад». З іншага боку, шмат хто з інтэрнацыяналістаў лічаць, што сіла падобнага ўрада можа стаць вельмі небяспечнай у выпадку, калі ён апынецца ў руках дыктатара, і падтрымліваюць хутчэй ідэю федэрацыі дзяржаў.
Гл. таксама
Зноскі
Спасылкі