Ігналі́на (літ.: Ignalina) — горад у паўночна-ўсходняй Літве ва Уцянскім павеце. Адміністрацыйны цэнтр Ігналінскага раёна. Горад адносіцца да этнаграфічнага рэгіёну Аўкштота.
Ігналіна была заснавана ў 1810 годзе як фальварак Ігналін. Хуткае развіццё пачалося пасля пракладкі тут чыгункі Варшава — Санкт-Пецярбург у 1866 годзе. У канцы ХІХ стагоддзя фальварак быў вядомы прамысловасцю, Ігналіна ўваходзіла ў склад Свянцянскага павета Віленскай губерні.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Ігналіна занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[2]. У канцы 1918 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У ходзе польска-савецкай і польска-літоўскай вайны ў 1920 годзе Ігналіна апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У 1922—1939 гадах у складзе гміны Даўгелішкі Свянцянскага павета Віленскага ваяводства Польшчы. У 1930-х гадах у Ігналіне дзейнічаў падпольны раённы камітэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі[3]. 17—18 верасня 1939 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй[3], перададзена Літве паводле дагавора з СССР ад 10 кастрычніка 1939 года.
Ад назвы горада ўзяла назву пабудаваная ў часы СССР Ігналінская атамная электрастанцыя чарнобыльскага тыпу (RBMK-1500). Разам з электрастанцыяй быў пабудаваны горад Вісагінас, у якім жывуць працоўныя электрастанцыі.
У наваколлі горада ў 1974 годзе быў утвораны Аўкштайцкі нацыянальны парк плошчай 21.100 га, у якім пад аховай знаходзяцца шматлікія азёры (каля 100) і старажытныя лясы.