Іван Сямёнавіч Пуцята з князёў друцкіх (каля 1390 — пасля 1466) — вялікалітоўскі арыстакрат.
Сын друцкага князя Сямёна Дзмітрыевіча. Мянушка «Пуцята», з якой ён часта выступае ў дакументах, адрознівала яго ад брата і цёзкі Івана Бабы.
У дакументах з’яўляецца ў 1422 годзе. У 1424 годзе ўдзельнічаў у паходзе супраць татар. Быў адным з найтрывалейшых прыхільнікаў вялікага князя Свідрыгайлы, заставаўся ў яго атачэнні яшчэ ў 1437—1438 годзе.
Ад вялікага князя Казіміра Ягелончыка атрымаў маёнтак Слабодку ў Аршанскім павеце.
Меў сыноў Міхаіла, Васіля, Дзмітрыя, Івана Пуцяцічаў і, магчыма, яшчэ аднаго, чыя дачка ўнесла Падбярэззе каля Друцка і частку Басеі ў род князёў Ямантавічаў.
Ад Міхаіла Пуцяціча пайшоў род Друцкіх-Талачынскіх, ад Васіля — Друцкіх-Горскіх[5].