Выхаванец мінскіх футбольных школ «Трактар» і «Змена», пачаў дарослую кар’еру ў барысаўскім БАТЭ, дзе доўгі час быў адным з лідараў каманды, двойчы станавіўся чэмпіёнам краіны. Па заканчэнні сезона 2004 перайшоў у адэскі «Чарнаморац», дзе гуляў на працягу двух гадоў. У 2007 годзе стаў іграком клуба «Харкаў», але не здолеў замацавацца ў складзе і неўзабаве на правах арэнды вярнуўся ў Беларусь, гуляў за «Дарыду» і «Граніт». Пасля вылету «Граніта» з Вышэйшай лігі ў 2010 годзе стаў іграком «Мінска», якому дапамог выйграць бронзавыя медалі чэмпіянату.
У 2012 годзе гуляў за «Белшыну» і «Тарпеда-БелАЗ», але не здолеў трывала замацавацца ў аснове гэтых клубаў. У выніку сезон 2013 пачаў у клубе Першай лігі «Слуцк». Стаў адным з лідараў слуцкага клуба, дапамог яму перамагчы ў Першай лізе, заставаўся трывалым іграком асновы «цукровых» і ў Вышэйшай лізе. У студзені 2015 года падоўжыў кантракт са «Слуцкам»[3]. У сезоне 2015 стаў радзей з’яўляцца на полі з-за траўм. Па заканчэнні сезона мог завяршыць кар’еру[4], аднак застаўся ў камандзе. У чэрвені 2016 года разарваў кантракт са «Слуцкам»[5].
Пасля зыходу са «Слуцка» збіраўся завяршыць кар’еру, аднак ў жніўні 2016 вырашыў далучыцца да «Баранавічаў»[6]. Па заканчэнні сезона 2016 завяршыў кар’еру.
У красавіку 2018 года паведамлялася аб заяўцы Лашанкова за клуб Другой лігі «Маладзечна-ДЮСШ-4»[7], аднак ён так і не папоўніў склад каманды.
У сакавіку 2017 года стаў трэнерам у дзіцяча-юнацкай школе БАТЭ[8]. З 2018 года працаваў у дзіцячых камандах «Іслачы». Пакінуў клуб з Мінскага раёна ў жніўні 2022 года[9], на той час (з красавіка 2022 года) ужо працаваў памочнікам галоўнага трэнера «Асіповічаў», заставаўся на гэтай пасадзе да канца сезона 2022.