У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Каршукоў.
Яўген Іванавіч Каршукоў (1 студзеня 1932, вёска Давыдавічы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць — 17 лістапада 2018) — беларускі пісьменнік, перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. У 1956 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў адказным сакратаром акцябрскай раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» (1956—1958), загадчыкам аддзела веткаўскай раённай газеты «Пад ленінскім сцягам» (1958—1959), рэдактарам шматтыражнай газеты панчошна-трыкатажнай фабрыкі «8 Сакавіка» ў Гомелі (1959), старшым рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання (1959—1971). З 1971 г. — загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», з 1975 г. — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Вожык», з 1978 г. працаваў у апараце СП БССР. У 1980—1989 гг. — галоўны рэдактар выдавецтва «Юнацтва». З 1989 г. — кансультант СП БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 г.
Творчасць
Першыя апавяданні і гумарэскі надрукаваў у 1955 г. Аўтар кніг прозы «У дарогу» (1963), «Не без таго…» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы» (1982), «І надыходзіць дзень» (1982), «Надвячоркам» (1992) Выйшлі кнігі для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975), «Пасланне нашчадкам» (1987), «Васька» (1992), зборнік лірыкі «Над векавечным Бугам» (2008).
Пераклаў са славацкай мовы зборнікі апавяданняў «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), раман Р. Морыц «Выбух» (1984). Перакладаў таксама з рускай, украінскай і польскай моў.
Крытыка
На думку Тацяны Багарадавай, «аповесць „Змоўшчыкі“ гераізуе падзеі вайны з пункту гледжання дзіцяці і адрасавана нашчадкам дзеля таго, каб яны не забываліся на ваенную гісторыю. Твор па сюжэтна-тэматычным напаўненні нагадвае рамантызаваную белетрыстыку 1920 — 1930-х гг.»[1].
Зноскі
- ↑ Памяць сэрца: эвалюцыя ўвасаблення ваеннай тэмы пісьменнікамі-ветэранамі і сведкамі Вялікай Айчыннай Вайны ў беларускай аповесці (1980 — 1990-я гг.): манаграфія. 2022
Літаратура