Ядвіга Іосіфаўна Бяга́нская (псеўданім: Ядвіга Рута; 29 (16) лютага 1908, Верхняудзінск, цяпер Улан-Удэ — 3 красавіка 1992, Мінск) — празаік, перакладчык[1].
Нарадзілася ў сям’і беларускіх перасяленцаў у Сібір, якія вярнуліся на Беларусь у 1922 годзе. З 1924 года ў Мінску. У 1924 годзе паступіла на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыла ў 1930 годзе[1]. Настаўнічала ў Мінску, Рэчыцы[1]. У 1937 годзе былі арыштаваны яе муж паэт Аляксандр Сак і бацька Іосіф Вікенцевіч Бяганскі (абодвух расстралялі). 6 лістапада 1937 года арыштавана і сама Бяганская і 4 студзеня 1938 года асуджана на 10 гадоў лагераў; адпраўлена на Калыму. Вызвалена 6 лістапада 1947 года. У пачатку 1948 года ўзяла шлюб з мастаком Міхаілам Якаўлевічам Леберфарбам, жыла на Чукотцы. У 1948 годзе ёй дазволілі вярнуцца на Беларусь. Да 1955 года жыла ў Рэчыцы. Рэабілітавана ў 1954 годзе. Пасля рэабілітацыі першага мужа ў 1955 пераехала з сям’ёй у Мінск.
У 1956—1963 гадах працавала рэдактарам на Беларускім радыё[1]. З 1963 года на пенсіі.
Памерла 3 красавіка 1992 года ў Мінску і была пахавана на Паўночных могілках.
Пачала публікаваць вершы з 1926 года[1]. З 1953 года пачала выступаць як празаік. Перакладала з польскай і славацкай моў. Член СП СССР з 1957 года. Аўтар кніг для дзяцей «Далёка на Поўначы» (1954), «Жэнін галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1978)[1].
У 2018 годзе апублікаваны вершы Я. Бяганскай перыяду другой паловы 1920-х гадоў[2].