Чэмпіянат Вялікабрытаніі 2009 (англ.: UK Championship 2009, таксама вядомы як Pukka Pies UK Championship 2009 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 5 па 13 снежня 2009 года ў міжнародным цэнтры Тэлфарда, у Тэлфардзе, Англія. Турнір стаў 33-м розыгрышам чэмпіянату Вялікабрытаніі, які штогод праходзіць з 1977 году. Прызавы фонд турніру склаў £625,000, з якіх £100,000 атрымаў пераможца.
Пераможцам турніру стаў Дзін Цзюньхуэй з Кітая, які перайграў на сваім шляху да тытула Майка Дана (9:5), леташняга пераможцу Шона Мёрфі (9:3), Алістэра Картэра ў чвэрцьфінале (9:8) і шатландцаў Стывена Магуайра ў паўфінальным матчы (9:5) і чэмпіёна свету Джона Хігінса ў напружаным фінальным паядынку (10:8). Такім чынам, 22-гадовы кітаец стаў двухразовым пераможцам другога па значнасці рэйтынгавага турніру, выйграў свой пяты прафесійны і чацвёрты рэйтынгавы тытул, а таксама першае прафесійнае спаборніцтва за паўтара года (у чэрвені 2008 года ён стаў пераможцам нярэйтынгавага турніру Цзянсу Класік).
Чэмпіянат Вялікабрытаніі 2009 года стаў 33-м розыгрышам турніру, які быў заснаваны ў 1977 годзе і з 1984 года стаў рэйтынгавым спаборніцтвам. Турнір з'яўляецца адным з трох турніраў Трайной снукернай кароны (разам з Мастэрс і чэмпіянатам свету), а таксама самым прэстыжным і самым высокааплатным рэйтынгавым турнірам пасля чэмпіянату свету. З самога заснавання чэмпіянат Вялікабрытаніі праходзіў у такіх гарадах Англіі, як Блэкпул (1977), Прэстан (1978—1997), Борнмут (1998—2000) і Ёрк (2001—2006). З 2007 года першынства стала праходзіць у Тэлфардзе ў Міжнародным цэнтры Тэлфарда
Чэмпіянат Вялікабрытаніі 2009 праходзіў пад эгідай сусветнай асацыяцыі прафесійнага більярда і снукера (англ.: World Professional Billiards and Snooker Association) і ўваходзіў у каляндар мэйн-тура, а таксама з'яўляўся трэцім рэйтынгавым турнірам снукернага сезона 2009/2010.
Чэмпіянат Вялікабрытаніі 2009 меў найвялікшае размеркаванне рэйтынгавых ачкоў сярод усіх спаборніцтваў пасля чэмпіянату свету. Пераможца турніру атрымаў 8000 ачкоў (пераможца чэмпіянату свету атрымліваў 10000 балаў).