Папяро́вая фа́брыка «Чырвоная Зорка» — прадпрыемства ў г. Чашнікі Віцебскай вобласці, філіял ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», уваходзіць у холдынг «Беларускія шпалеры»[1].
У 1886 годзе памешчык Валатковіч адкрыў у Чашніках кардонную фабрыку «Скіна», якая мела дзве тэчкавыя машыны. Да развалу Расійскай імперыі былі ўсталяваны яшчэ тры папераробныя машыны. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў фабрыка была зруйнавана. У 1918 годзе рэшткі абсталявання перададзены дзяржаве і пачалося аднаўленне фабрыкі. У 1923 годзе прысвоенае званне «Чырвоная Зорка».
У час Вялікай Айчыннай вайны фабрыка зноў знішчана. У 1944 пачалося аднаўленне, і ў 1945 выйшла першая папяровая прадукцыя. У 1950 дзейнічалі 3 папераробныя машыны, магутнасць дасягнула 7000 тон прадукцыі ў год.
У 1959 годзе пачалася мадэрнізацыя фабрыкі. У 1970-я ўведзеныя ў лад дзве новыя папераробныя машыны.
30 снежня 1993 фабрыка пераўтвораная ў ААТ «Чырвоная Зорка» (з 20 жніўня 1999 — ААТ «Папяровая фабрыка „Чырвоная Зорка“»). У 1993 адкрыты цэх па вытворчасці водараспушчальных фарбаў. 27 снежня 2011 года фабрыка далучана да ААТ «Светлагорскі ЦКК».