Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (балг.: църква "Св. Димитър Солунски") — адна з найстарэйшых праваслаўных сярэднявечных цэркваў г. Вяліка-Тырнава, з'яўляецца помнікам Тырнаўскай мастацкай школы. Царква размешчана на правым беразе Янтры, пад паўночна-ўсходнім схілам гары Трапезіца. Царква мае афіцыйны статус нацыянальнага гістарычнага помніка, архітэктурнага помніка нацыянальнага значэння і мастацкага помніка нацыянальнага значэння.
Пачатак будаўніцтва царквы ў 1185 г. супадае з весткай пра паўстанне супраць візантыйскага валадарства. Царква і манастыр каля яго існавалі да канца XIII ст., калі яны былі разбураны, хутчэй за ўсё, землетрасеннем. Пазней, у XV стагоддзі на падмурку аднаго з будынкаў манастыра была пабудавана новая царква.
У канцы XVII — пач. XVIII ст. непадалёк быў пабудаваны манастыр, фрагменты якога былі выяўлены пры правядзенні археалагічных раскопак у 1971 г.. У канцы XIX стагоддзя новая царквы была значна пашкоджана, а землетрасенне ў 1913 годзе знішчыла яе канчаткова.
Працы па рэстаўрацыі, заснаваныя на выніках археалагічных даследаванняў, пачаліся ў 1977 г. і ў 1985 г. адноўленая царква Святога Дзмітрыя Салунскага была адкрыта як музей у адзначэнне 800-годдзя паўстання супраць візантыйскіх прыгнятальнікаў і абвяшчэння Тырнава сталіцай балгарскай дзяржавы.