Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы — праваслаўны храм у в. Беніца (Маладзечанскі раён). Размешчана на цэнтральнай плошчы, насупраць касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Помнік архітэктуры эклектыкі.
Пабудавана ў 1886 г. з цёсанага бутавага каменю. У 1948 г. закрыта. У 1990-я гг. адрэстаўрыравана.
Кампактны прамавугольны ў плане будынак пад двухсхільным дахам з цыбулепадобнай галоўкай на васьмігранным барабане. Вось сіметрыі галоўнага фасада вылучана прамавугольным уваходным праёмам, паўкруглай і круглай люкарнамі над ім. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі арачнымі праёмамі. Бутавая муроўка стварае маляўнічы фон сцен. Элементы архітэктурнага дэкору (ліштвы праёмаў, вуглавыя лапаткі, карнізы) атынкаваны і пабелены. Ва ўнутранай прасторы тонкімі перагародкамі вылучаны прытвор і апсіда з бакавымі рызніцамі. На двухпрыступкавую салею ўзняты трохгранны іканастас.