Хведар Пятровіч Імшэнік (4 верасня 1884, в. Хацінава, Брэст-Літоўскі павет, Гродзенская губерня — пасля 1931 (?), Уфа (?); Крыптанім: Хв. Ім.) — беларускі літаратуразнавец, мемуарыст, педагог.
Вучыўся ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы, Літоўскай духоўнай семінарыі (1900—1907). Быў супрацоўнікам газеты «Наша ніва». Скончыў Юр'еўскі (Тартускі) універсітэт. У час вучобы арыштоўваўся за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1906—1912 член БСГ. Пасля сканчэння ўніверсітэта па запрашэнні М. Багдановіча пераехаў у Яраслаўль; выкладаў у прыватнай мужчынскай гімназіі.
У 1918 разам з Мінскім настаўніцкім інстытутам вярнуўся ў Мінск. Працаваў выкладчыкам філалогіі і гісторыі ў Мар'іна-Горскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. У 1923—1924 дырэктар Бабруйскага, у 1924—1927 Рагачоўскага, у 1927—1930 выкладчык Гомельскага педтэхнікумаў. Напісаў успаміны пра М. Багдановіча, «Нашу ніву».
Арыштаваны 15 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 паводле пастановы Калегіі АДПУ сасланы на 5 гадоў ва Уфу. Далейшы лёс невядомы.