Уільям Брэдфард Шоклі (англ.: William Bradford Shockley; 13 лютага1910, Лондан — 12 жніўня1989, Стэнфард) — амерыканскі фізік, даследчык паўправаднікоў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1956). У гады Другой сусветнай вайны Шоклі ўдзельнічаў у стварэнні амерыканскай школы даследавання аперацый і ў распрацоўцы тактыкі стратэгічных бамбардзіровак. У студзені 1948 года Шоклі вынайшаў плоскасцевы біпалярны транзістар, а затым стварыў навуковую тэорыю, якая тлумачыць яго працу. У 1956 Шоклі заснаваў названую яго імем лабараторыю, якая была адным з вытокаў Крамянёвай даліны.
У Шоклі спалучаліся талент тэарэтыка і выкладчыка, культ уласнага інтэлекту і цела, неўтаймоўныя цяга да суперніцтва і глухата да меркаванняў і інтарэсаў іншых людзей. Псіхічная неўраўнаважанасць, уласцівая Шоклі з маленства, з гадамі ўзмацнілася і стала прычынай няўдачы ў бізнесе. У 1960-я гады Шоклі захапіўся ідэямі еўгенікі і пачаў публічную кампанію супраць «выраджэння» амерыканскай нацыі. Яго расісцкія тэорыі, адкінутыя грамадствам, разбурылі навуковую рэпутацыю Шоклі, прывялі да фактычнага выгнання з навуковай супольнасці.