Усевалад Антонавіч Кадыгробаў (23 красавіка 1877, мяст. Зембін, Барысаўскі павет — пасля 1915) — беларускі краязнавец, грамадскі дзеяч.
Біяграфія
Скончыў юрыдычны факультэт Казанскага ўніверсітэта (1899). Працаваў сакратаром 1-га крымінальнага дэпартамента Віленскай судовай палаты, выкладаў у гандлёвай школе. Адзін з заснавальнікаў Віленскага таварыства абароны жанчын. Супрацоўнічаў з газетай «Виленский вестник». У маі 1905 г. прызначаны таварышам[1] пракурора Віцебскага акруговага суда. Адначасова выкладчык заканадаўства ў Віцебскіх мужчынскай і жаночай марыінскіх гімназіях. Разам з пракурорам Віцебскага акруговага суда В. Дземенцевым падрыхтаваў і выдаў падручнік для сярэдніх навучальных устаноў «Заканадаўства» (1909). Адзін з заснавальнікаў Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909), яе старшыня ў 1910—1912 гг. Вывучаў помнікі архітэктуры і старадаўнасці ў наваколлях Віцебска. Ініцыятар і арганізатар узвядзення ў 1912 г. у Віцебску помніка ў гонар герояў вайны Вайны 1812 г., адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, яго ганаровы член (1911). Член арганізацыйнага камітэта па ўзвядзенні помніка героям вайны 1812 г. у Барысаве. Гласны Барысаўскага павета. З 1912 г. пракурор Гродзенскага акруговага суда, з 1913 г. старшыня Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта. Выбраны дэпутатам 4-й Дзяржаўнай думы ад Гродзенскай губерні, але ад дэпутацтва адмовіўся. Далейшы лёс невядомы.
Зноскі
Літаратура
- Падліпскі, А. М. Кадыгробаў Усевалад Антонавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 523. — ISBN 985-11-0041-2.
Спасылкі