Уладзімір Мікалаевіч Беняшэ́віч (9 (21) жніўня 1874, мяст. Друя, Дзісенскі павет, Віленская губерня, цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобл. — 27 студзеня 1938, расстрэльны палігон НКУС, Ленінград) — гісторык, даследчык кананічнага права, археограф і візантыніст. Член-карэспандэнт АН СССР (1925), Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай акадэмій навук, ганаровы член Афінскага таварыства візанціназнаўства.
Нарадзіўся ў сям’і прыстава. З залатым медалём скончыў Віленскую гімназію. У 1897 годзе скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага Імператарскага ўніверсітэта; у 1897—1900 гадах слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гайдэльбергскім універсітэтах. З 1905 года — прыват-дацэнт, з 1909 года — прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Рэдактар перыёдыкаў «Памятники древнерусского канонического права» (ч. 1, 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Обзор трудов по славяноведению, 1908—1913» (1909—1918). Апошняе выданне можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. У гады савецкай улады прафесар Ленінградскага ўніверсітэта і галоўны бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі.
Першы раз асуджаны па абвінавачанні ў шпіянажы і контррэвалюцыйнай дзейнасці 14 чэрвеня 1929 года на 3 гады турмы. Другі раз — 8 жніўня 1931 года на 5 гадоў лагераў. Дзякуючы хадайніцтву А. Эйнштэйна, Ф. Нансена і У. Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933 годзе. 27 лістапада 1937 года зноў арыштаваны як польскі шпіён і расстраляны разам з двума сынамі і братам на спецыяльным расстрэльным палігоне НКУС (цяпер — Левашоўскія мемарыяльныя могілкі ў Санкт-Пецярбургу). Рэабілітаваны ў 1958 годзе.