Уладзімір Аляксеевіч Шаліхін (21 студзеня 1930, Гомель[1] — 1 верасня 2002[2], Мінск) — беларускі савецкі піяніст, дыктар Беларускага радыё і тэлебачання, вядучы канцэртаў у Белдзяржфілармоніі, настаўнік[1], спявак і акцёр.
Біяграфія
Нарадзіўся 21 студзеня 1930 года ў Гомелі ў сям’і рабочага шклозавода і хатняй гаспадыні. У 1937 годзе бацька быў абвінавачаны ў трацкізме і асуджаны на тры гады. Пасля вызвалення з пачаткам вайны быў мабілізаваны і загінуў на фронце.
Маленькі Валодзя ўпершыню выканаў песню «О мое солнце» перад дамашнімі і суседзямі калі яму было толькі тры гады. У час вайны і пасля выступаў у ваенных шпіталях перад раненымі байцамі.
У 1951 годзе скончыў Гомельскае музычнае вучылішча па класах вакалу, фартэпіяна і харавога дырыжыравання. На выпускных экзаменах па фартэпіяна прысутнічаў вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, які параіў маладому музыканту паступаць у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Так Шаліхін паступіў на класы фартэпіяна і вакалу. Маючы прыродны гучны і прыемны голас, ён паспрабаваў сябе ў якасці дыктара на Гомельскім радыё, а пасля заканчэння кансерваторыі папрасіў направіць яго на Беларускае радыё у Мінску.
Тэлебачанне і радыё
На радыё Уладзімір Шаліхін пачаў працаваць дыктарам з 1952 года. Быў вучнем такіх майстроў як Ілья Курган і Любоў Бацвіннік.
З 1956 года Шаліхін пачаў працаваць на толькі што створаным Беларускім тэлебачанні[3]. Акрамя работы дыктарам, вёў розныя тэле- і радыёперадачы: канцэрт па заяўках «Сябрам дарагім», перадачы «Якая ты, музыка?», «Я з 70-х», «Вахта ўраджаю», «Жывуць сярод нас героі», «Наша пошта», «Кінаафіша», «Камертон», «Актава», «Танцуйте з намі», «Пра музыку ад А да Я» і іншыя. У 1970-х гадах стаў адным з асноўных дыктараў «Панарамы навін» [4] (а пасля «Панарамы» і «Навін» калі яны выходзілі як асобныя праграмы), разам з Зінаідай Бандарэнка вёў трансляцыі са святочных мерапрыемстваў[5].
Да Шаліхіна дыктары «вяшчалі». Ён жа першым вырашыў, што з гледачом трэба размаўляць, вытрымаўшы нямала спрэчак з начальствам. На тэлебачанні гэта стала сапраўднай рэвалюцыяй. Пісаў цікавыя артыкулы, тонкія рэцэнзіі і сцэнары перадач. Чалавек з глыбокімі ведамі і шырокім кругаглядам, бліскуча валодаў дарам імправізацыі, быў аўтарам і рэдактарам адначасова, таму што большасць радыё- і тэлеперадач ён вёў у жывым эфіры. Уладзімір Шаліхін увайшоў у гісторыю як аўтар і выканаўца 25 радыёперадач з цыклу «Выдатныя майстры сусветнага музычнага мастацтва»[7]. Акрамя дыктарства і вядзення музычных праграм, быў таксама спартыўным каментатарам, распрацаваў цыкл праграм для дзяцей «Тэлебачанне — школе».
Вера Ропат, дыктар Беларускага тэлебачання ў 1975—2003 годзе, ўспамінае гісторыю з праграмы «Панарама». Зараз гэта анекдот, а тады Шаліхін атрымаў вымову. Вера і Уладзімір чыталі міжнародныя падзеі. У студыю заляцела муха і села на Шаліхіна. «Карэспандэнты ТАСС паведамляюць: сёння самалёты iзраiльскай авiяцыi бамбiлi Лiван», — паведаміў Уладзімір Аляксеевіч і выразна адмахнуўся … За кадрам стаяў такі рогат, што асістэнт рэжысёра ніяк не магла памяняць застаўку. Пасля гэтага за адсутнасцю мух у студыі сталі сачыць асабліва пільна.[8]
Музыка і спевы
У 1968 годзе пад уласны акампанемент Уладзімір Шаліхін даў два канцэрты ў Доме работнікаў мастацтваў[9]. У першым спяваў старадаўнія рамансы, у праграме другога вечара былі песні з вакальных цыклаў Ф. Шуберта і Р. Шумана, рамансы С. Рахманінава і М. Балакірава. На творчых вечарах ён не раз сам выступаў у якасці выканаўцы вакальных твораў і старадаўніх рамансаў. На працягу 18 гадоў У. Шаліхін акампанаваў студэнтам-вакалістам. Удзельнічаў у IV Міжнароднага конкурсу імя П. Чайкоўскага ў Маскве — акампанаваў спеваку Валерыю Кучынскаму, які стаў тады лаўрэатам.
Пачынаючы з 1951 года Шаліхін правёў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі больш за 11 тысяч канцэртаў[9]. Запомніўся слухачам тым, што выходзіў без паперкі, гаварыў ад душы і заўсёды дакладна аб’яўляў аўтараў і выканаўцаў.[10] Добра ведаў тое, пра што казаў і з захапленнем слухаў выканаўцаў. Уладзімір Аляксеевіч быў гарачым прыхільнікам Мантсерат Кабалье. У 1996 годзе вялікая спявачка павінна была прыехаць у Мінск. Білеты на канцэрт расхапалі загадзя. Вядомы канцэртмайстар стаў абіваць парогі арганізатараў, і нарэшце яму сказалі: «Мы вас пусцім на канцэрт, але за гэта вы яго правядзеце!» Так ён апынуўся на адной сцэне з Кабалье.
Памёр 1 верасня 2002 года ў Мінску ад анкалагічнага захворвання.
Кніга
Напісаў кнігу «Сэрца памятае», якая выйшла ў 2000 годзе, пра выбітных дзеячоў культуры XX стагоддзя, якіх Шаліхін ведаў асабіста і з кім падтрымліваў сяброўскія адносіны. У 2003 годзе фонд Дзяржаўнага музея гісторыі музычнай і тэатральнай культуры набыў асабісты архіў Уладзіміра Шаліхіна[9]. Сярод унікальных матэрыялаў архіва — багатая калекцыя аўтографаў знакамітых дзеячаў сусветнага мастацтва — музыкаў, спевакоў, акцёраў, дырыжораў, кампазітараў, з якімі давялося размаўляць У. Шаліхіну на працягу амаль паўвекавога творчага шляху. Гэта фатаграфіі з памятнымі надпісамі Ларысы Александроўскай і Івана Казлоўскага, Святаслава Рыхтэра і Дзмітрыя Шастаковіча, Марыі Калас і Любові Арловай[11]
Фільмаграфія
Сям’я
Бібліяграфія
- «Сердце помнит…» : альбом-книга / В. А. Шелихин. — Минск : Четыре четверти, 2000. — 222 с.
Узнагароды
Ушанаванне памяці
- Уладзімір Шаліхін. «Нашы. Рэтра» на «Беларусь 1» — 15 студзеня 2015 года[8][15].
- «Святло далёкай зоркі» — Беларускае тэлебачанне, 21 студзеня 2016 года.[16]
Зноскі
Літаратура
- Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : [у 2 т.]. — Мінск, 2003. — Т. 2.
- Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2008. — Т. 7.
- Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2013. — Т. 3, кн. 2 : Гомельская область.
Спасылкі