То́мас Верма́лен (нідэрл.: Thomas Vermaelen; нар. 14 лістапада1985, Капелен, Бельгія) — бельгійскі футбаліст (абаронца) і трэнер. Ігрок нацыянальнай зборнай Бельгіі (2006—2021). Вермален звычайна гуляў левай нагой, таму гуляў часцей за ўсё левабаковага цэнтральнага абаронцу, але мог згуляць на левым флангу абароны[3].
Томас Вермален з’яўляецца выхаванцам бельгійскага клуба «Жэрміналь Беерсхот», які раней меў назву «Жэрміналь Экерэн».
1 ліпеня 2003 года Вермален падпісаў пяцігадовы кантракт з нідэрландскім «Аяксам» з Амстэрдама. Дэбют Вермалена ў чэмпіянаце Нідэрландаў адбыўся 15 лютага 2004 года ў матчы супраць «Валендама». Томас адыграў увесь матч, а яго клуб, дзякуючы забітым мячам Яніса Анастасіу і Томаша Галасека, перамог з лікам 0:2. У студзені 2005 года Томас быў аддадзены ў арэнду ў клуб «РКК Валвейк» на астатнюю частку сезона 2004/05, бо не праходзіў у асноўны склад «Аякса» з-за высокай канкурэнцыі. Вярнуўшыся пасля заканчэння арэнды ў «Аякс», Вермален даволі хутка стаў асноўным іграком абароны клуба.
«Арсенал»
У пачатку чэрвеня 2009 года Вермаленам зацікавіўся англійскі «Арсенал», які меў патрэбу ва ўзмацненні лініі абароны клуба[4]. «Арсенал» зрабіў афіцыйную прапанову «Аяксу» аб набыцці іграка, паводле неафіцыйных дадзеных «кананіры» прапанавалі за 23-гадовага Вермалена ад 10 да 12 млн фунтаў стэрлінгаў[5]. 19 чэрвеня 2009 года Вермален прайшоў медагляд і падпісаў кантракт з «Арсеналам». Падрабязнасці дагаворы не былі абвешчаны.
У сваім дэбютным матчы супраць «Эвертана» 15 жніўня 2009 года Вермален забіў гол пасля падачы Робіна ван Персі са штрафнога. 16 верасня Томас забіў гол у матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў супраць льежскага «Стандарда». Праз тры дні, 19 верасня, Вермален адправіў два мячы ў браму «Уіган Атлетык». Томас быў прызнаны заўзятарамі найлепшым іграком «Арсенала» у жніўні і верасні 2009 года, а паводле вынікаў сезона 2009/10 Вермален увайшоў у сімвалічную зборную Прэм’ер-лігі.
У міжсезонне Вермален быў капітанам «Арсенала» ў матчы на Кубка Эміратаў супраць «Мілана», калі ў складзе адсутнічалі Сеск Фабрэгас, Мануэль Альмунія і Робін ван Персі. Томас пачаў усё тры першыя гульні сезона за «Арсенал» аднак потым атрымаў пашкоджанне ахілу ў матчы за зборную Бельгіі. Паводле словаў медыцынскага персаналу лонданскага клуба, Томас выбыў да канца сезона. Аднак ужо 26 красавіка 2011 года Верамлен адгуляў 90 хвілін у матчы супраць «Манчэстэр Юнайтэд».
Пасля сыходу Фабрэгаса ў «Барселону» Вермален быў абраны віцэ-капітанам каманды. 6 верасня 2011 года стала вядома, што Вермалену патрабуецца 6 тыдняў, каб зноў вылячыць траўму ахіла. 18 кастрычніка ігрок падоўжыў кантракт з «кананірамі» на 4 гады. Абаронца вярнуўся ў склад да гульні на Кубак Англіі супраць «Болтана». 1 лістапада ігрок з’явіўся на пляцоўцы ў матчы Лігі чэмпіёнаў супраць «Марселя» і дапамог свайму клуба захаваць браму некранутай. 5 лістапада Вермален забіў гол у матчы супраць «Вест Бромвіч Альбіён», які скончыўся перамогай з лікам 3:0. 26 лістапада ў гульні супраць «Фулхэма» Томас спачатку зарабіў аўтагол на 65 хвіліне, аднак на 82 хвіліне выправіў становішча, зрабіўшы лік нічыйным. Галоўны трэнер клуба Арсен Венгер назваў Вермалена і яго партнёра Ларана Касельні моцным дуэтам, што дазваляе «Арсеналу» мець моцную абарону.
У жніўні 2012 года Вермален быў абраны капітанам «Арсеналу» пасля сыходу Робіна ван Персі. Аднак выступы бельгійца былі слабейнымі за папярэднія сезоны, асабліва дрэнна Томас згуляў у матчах супраць «Манчэстэр Сіці» і «Ліверпула». У другой палове сезона Венгер выкарыстоўваў у цэнтры абароны Пера Мертэзакера і Касельні, такім чынам Вермален заставаўся на лаўцы запасных. У самым канцы сезона Томас здолеў вярнуць сабе месца ў асноўнны склад.
«Барселона»
9 жніўня 2014 года Вермален падпісаў 5-гадовы кантракт з каталонскім клубам «Барселона». Сума трансферу, як мяркуецца, склала 15 млн фунтаў[6]. Аднак, у складзе «Барселоны» Томас стаў рэзервовым іграком і рэдка з’яўляўся на полі. У жніўні 2016 года быў арандаваны «Ромай» з правам далейшага выкупа[7]. Па заканчэнні сезона 2016/17 «Рома» не стала набываць абаронцу, і той вярнуўся ў «Барселону». У чэрвені 2019 года па заканчэнні кантракта пакінуў каталонскі клуб.
Томас дэбютаваў у складзе зборнай Бельгіі ў 20 гадоў супраць зборнай Люксембурга ў сакавіку 2006 года. 8 кастрычніка 2009 года ён быў назначаны капітанам зборнай у гульні супраць зборнай Турцыі і Эстоніі ў гульняў адбору да чэмпіянату свету 2010[9], але не здолеў прадухіліць бельгійцаў ад чацвёртага месца ў сваёй групе.