Сяргей Лынько (нар. 16 кастрычніка 1989) — беларускі футбаліст, нападнік мінскіх «Крумкачоў».
Выхаванец мінскага «Тарпеда», у 2007 годзе выступаў за дубль «Дарыды». Пазней далучыўся да клуба «Іслач», які выступаў на першынстве Мінскага раёна. У 2012 годзе «Іслач» заявілася ў Другую лігу, і Сяргей прайшоў у ім шлях да Вышэйшай лігі. У 2013 годзе быў у складзе каманды, якая заваявала бронзавыя медалі Кубка Рэгіёнаў УЕФА.
Пасля выхаду «Іслачы» ў Вышэйшую лігу ў сакавіку 2016 годзе быў аддадзены ў арэнду ў мінскае «Тарпеда»[4]. У складзе «Тарпеда» Лынько стаў выступаць на пазіцыі правага абаронцы, быў капітанам каманды. Па выніках сезона 2016 быў прызнаны найлепшым іграком аўтазаводцаў.
У студзені 2017 года, вярнуўшыся з арэнды, падпісаў новы кантракт з «Іслаччу»[5]. 1 красавіка 2017 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе, выйшаўшы на замену ў канцы матча супраць «Тарпеда-БелАЗ» (1:2). Пазней стаў у асноўным гуляць за дубль, у галоўнай камандзе толькі часам выхадзіў на замену. У кастрычніку 2017 года не гуляў з-за траўмы.
У студзені 2018 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Іслач»[6] і неўзабаве афіцыйна стаў іграком «Тарпеда»[7]. Адразу стаў капітанам каманды і асноўным іграком. У лістападзе 2018 года падоўжыў кантракт з тарпедаўцамі[8].
У ліпені 2019 года, калі ў клуба пачаліся фінансавыя праблемы, разам з іншымі ігракамі асноўнага складу разарваў кантракт, аднак застаўся ў камандзе і згуляў у двух яе апошніх матчах (у Кубку Беларусі — 28 ліпеня супраць «Клецка» і 3 жніўня супраць БАТЭ), у якіх «Тарпеда» было прадстаўлена пераважна ігракамі моладзевага складу. Пазней жа «Тарпеда» абвясціла аб зняцці з чэмпіянату, і Лынько застаўся без каманды.
У жніўні 2019 года папоўніў склад армянскага клуба «Ерэван»[9], дзе гуляў да канца года. У пачатку 2020 года трэніраваўся з чысцінскім «Андэрдогам», а ў сакавіку папоўніў склад сталічных «Крумкачоў»[10]. Пачынаў сезон у стартавым складзе, выкарыстоўваўся ў якасці абаронцы, у ліпені атрымаў траўму, пасля стаў радзей з’яўляцца на полі.
У студзені 2021 года стаў трэніравацца з брэсцкім «Дынама», з якім у лютым падпісаў пагадненне[11]. У сезоне 2021 чаргаваў выхады ў стартавым складзе і на замену. У лютым 2022 года падоўжыў кантракт з дынамаўцамі[12].
У сакавіку 2023 года стаў іграком «Маладзечна»[13]. Пакінуў клуб у ліпені 2023 года[14] і неўзабаве далучыўся да «Крумкачоў»[15].