Сядзібны дом князёў Мяшчэрскіх — будынак у Клімавічах, размешчаны па вул. Савецкай, 69. Пабудаваны ў 1867 г. у псеўдарускім стылі. Помнік драўлянага дойлідства XIX ст.
У асабняку да Кастрычніцкай рэвалюцыі жыла з сям'ёй Марыя Мікалаеўна з Мяшчэрскіх, жонка апошняга клімавіцкага павятовага маршалка Мікалая Бекмана. Пазней сям’ю перасялілі ў невялікі ўбогі домік на ўскраіне горада[1].
Драўляны аднапавярховы амаль квадратны ў плане будынак з прыбудовай у паўнёва-заходняй частцы. Кампазіцыя галоўнага фасада трохчасткавая. Цэнтральная частка вылучаная мансардай з кілепадобным франтонам, поле якога падзелена крыж-накрыж прафіляванымі сцяжкамі, упрыгожанае разнымі накладнымі дэталямі, ламанымі лесвічнымі стужкамі. Бакавыя часткі завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Шырокая паласа фрызу дэкарыраваная разьбой у выглядзе карункаў. Вокны лучковыя, на галоўным і паўднёвым фасадах упрыгожаныя разнымі ліштвамі. Планіроўка калідорная. З паўночнага боку размешчаны вестыбюль з лесвіцай у мансарду.