Трампу былі прад’яўленыя абвінавачванні ў падробцы фінансавай дакументацыі (выплату па дакументах аформілі як аплату юрыдычных паслуг) I ступені[7]. Абвінавачванні першапачаткова былі засакрэчаныя, але 4 красавіка апублікаваны, калі Трамп з’явіўся ў Манхэтэнскі крымінальны суд. Экс-прэзідэнту былі прад’яўленыя абвінавачванні па 34 эпізодах[8][9]. У судзе ён не прызнаў сябе вінаватым[10].
Пасля яўкі ў суд Трамп вярнуўся на сваю вілу Мар-а-Лага і выступіў перад сваімі прыхільнікамі, выказаўшы абурэнне прад’яўленымі яму абвінавачваннямі[11].
Судовы працэс па гэтай справе пачаўся 15 красавіка 2024 года[12].
Адным з галоўных сведак абвінавачвання выступіў Майкл Коэн, былы адвакат палітыка[13][14]. У якасці сведкі абвінавачвання выступіла і сама Стормі Дэніелс, якая падрабязна распавяла пра тое, як займалася сексам з Трампам[15].
30 мая 2024 года прысяжныя прызналі былога прэзідэнта вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачвання. Ён стаў першым былым прэзідэнтам ЗША, прызнаным вінаватым у цяжкім злачынстве[16][17].
Аналіз
Брытанскі штотыднёвік The Economist адзначае патэнцыйнае ўздзеянне суда на міжнародную палітыку. Так, на думку выдання, пасля зыходу Трампа з пасады прэзідэнта ЗША многія краіны адчулі палёгку і спадзяюцца на тое, што ён ужо ніколі не вернецца ў Белы дом. Аднак, з улікам папулярнасці Трампа ў рэспубліканцаў, такая магчымасць не выключаецца, што выклікае трывогу ў некаторых краінах. Так, Украіна, баючыся вяртання Трампа, хацела б атрымаць максімальную ваенную дапамогу ад амерыканцаў як мага хутчэй. Улады Расіі, наадварот, спадзяюцца, што ў выпадку вяртання яго на пасаду прэзідэнта, шанцы на перамогу ў вайне з Украінай вырастуць. Краіны НАТА асцерагаюцца, што вяртанне Трампа прывядзе да разрыву адносінаў з Амерыкай[18].