Нацыянальная літаратурная прэмія (2018)
Святлана Уладзіміраўна Калядка (нар. 31 мая 1971) — беларуская літаратуразнаўца. Сфера навуковых інтарэсаў — тэарэтычная паэтыка, гісторыя літаратуры, гендарныя даследаванні, літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі, тэксталогія, творчасць класікаў Максіма Танка, Яўгеніі Янішчыц, а таксама сучасных аўтараў.
Скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (1993), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1996). Кандыдат філалагічных навук (2000), доктар філалагічных навук (2021), дацэнт (2007). Цяпер вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі.
Аўтар манаграфій «Непрыручаная птушка Палесся: Творчая індывідуальнасць Яўгеніі Янішчыц» (2007), «Беларуская сучасная жаночая паэзія: Мастацкія канцэпцыі „жаночага шчасця“» (2010), «Максім Танк: новыя факты, матэрыялы, інтэрпрэтацыі» (2014), «Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі» (2018). Адзін з аўтараў калектыўных манаграфій «Сучаснае беларускае літаратуразнаўства: Сістэма каштоўнасцей і прыярытэтаў» (2006), «Літаратура пераходнага перыяду: Тэарэтычныя асновы гісторыка-літаратурнага працэсу» (2007), «Міждысцыплінарныя даследаванні актуальных праблем тэорыі літаратуры» (2011), «Человек-творец в художественном пространстве славянских литератур» (Санкт-Пецярбург, 2013), «Эмоциональное и рациональное в славянских литературах и искусстве : сборник научных трудов» (2022) і інш. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў «Русский язык: краткий справочник: Орфография. Пунктуация» (2016, у суаўтарстве з І. Капыловым), «Школьный курс. Русский язык. 5-11 классы» (2016, у суаўтарстве з І. Капыловым), «Современный русский язык : учебное пособие» (2020, перавыданне 2022; Г. Трафімовіч, С. Калядка і інш.). Укладальнік і складальнік Збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах (2006—2012), чатырохтомнага выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі» (Т.1, 2016; Т.2, 2017, Т.3, 2019). Таксама аўтар каля 200 навуковых прац (навуковыя, навукова-папулярныя, крытычныя артыкулы, выступленні на рэспубліканскіх, міжнародных навуковых канферэнцыях, рэцэнзіі і г.д.). Выступала на канферэнцыях і публікавалася ў замежных навуковых выданнях Украіны, Польшчы, Расіі, Літвы, Венгрыі.
Удзельнічала ў стварэнні дакументальнага фільма пра Яўгенію Янішчыц «Небяспечны талент» (2008), «Яўгенія Янішчыц: смерць паэта» (2018), «Максім Танк: крутыя віражы» (2019).
За манаграфію «Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі» Святлана Калядка атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» за 2019 год.