Свята-Мікалаеўская царква — помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Пабудаваная ў 1710 годзе ў в. Старая Беліца Гомельскага раёна.
Царква дзейнічае. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Храм трохзрубны, восевай кампазіцыі. Да цэнтральнага квадратнага (18х18 м) аб'ёму з захаду і ўсходу прылягаюць пяцігранная апсіда і бабінец. Усе аб'ёмы завершаныя фігурнымі галоўкамі на шасцігранных барабанах (цэнтральны — светлавы). Пачатковая кампазіцыя парушаная прыбудаванымі пазней тамбурамі — цэнтральным і двума бакавымі. Сцены складзеныя з брусоў, якія звонку вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Высока размешчаныя аконныя праёмы прамавугольнай формы. Інтэр'ер мае трохчасткавае рашэнне. Аб'ёмы злучаныя шырокімі арачнымі праёмамі.
Адпаведную экстэр'еру прасторавую развітасць мае і інтэр'ер храма, памяшканні якога злучаны шырокімі арачнымі прасветамі і перакрыты перамідальнымі скляпеннямі, апсіда вылучана драўляным разным іканастасам, над прытворам створаны хоры. Абразы 19 ст.: «Дзісус», «Святы Мікалай», «Тайная вячэра», «Хрыстос пакутуе», «Ціхан Задонскі», 2 кляймы царскіх варот.
Унутры апсіду вылучаў двух'ярусны іканастас на 21 абраз. На 1-м ярусе званіцы створаны хоры. Другая званіца стаяла асобна сярод драўлянай агароджы.