Рыга Мастэрс 2018 (англ.: Riga Masters 2018, таксама вядомы як Kaspersky Riga Masters 2018 ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 27 па 29 чэрвеня 2018 года на арэне Рыга ў Рызе, Латвія. Турнір стаў пятым розыгрышам турніру, які быў заснаваны ў 2014 годзе і да 2015 года праходзіў у рамках нізкарэйтынгавай серыі Players Tour Championship. Кампанія Kaspersky lab у пяты раз запар спансавала Рыга Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £259,000, з якіх £50,000 атрымаў пераможца.
Пераможцам турніру ў другі раз стаў Ніл Робертсан, які перайграў на сваім шляху да тытула Ло Ханхаа ў кваліфікацыі (4:2), Лі Юаня (4:2), Ляна Вэньбо (4:3), Крэйга Стэдмэна (4:2), Рыкі Уолдэна ў чвэрцьфінале (4:2), Сцюарта Кэрынгтана ў паўфінальным матчы (5:0) і Джэка Лісоўскі ў фінальным паядынку з лікам 5:2. Такім чынам, 36-гадовы аўстраліец выйграў 14-ы рэйтынгавы турнір у сваёй кар'еры і першы са снежня 2017 года (пасля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Шатландыі).