Першыя выпадкі заражэння каранавіруснай інфекцыяй COVID-19 у Індыі былі зафіксаваны 30 студзеня 2020 года ў Трысуры, штат Керала[1].
24 сакавіка прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі абвясціў у краіне агульнанацыянальны каранцін тэрмінам на 21 дзень, пад дзеянне якога трапіла 1,4 мільярда жыхароў краіны[2].
Станам на 2023 год у краіне зафіксавана 44 млн выпадкаў заражэння, у тым ліку 531 тыс. смерцяў[3].
Тэмпы распаўсюджвання COVID-19 у Індыі, паводле афіцыйных даных, істотна ніжэй, чым у большасці іншых краін: па стане на 19 сакавіка 2020 года 1 хворы ў Індыі заражаў 1,7 чалавек, тады як у суседнім Кітаі гэты каэфіцыент складаў 2,14, у Італіі — 2,34, а ў Іране — 2,73. Магчымымі тлумачэннямі гэтага факту могуць быць кліматычныя ўмовы Індыі ці своечасова праведзеныя каранцінныя мерапрыемствы[4]. Некаторыя эксперты мяркуюць, што рэальная колькасць інфіцыраваных ў Індыі моцна перавышае афіцыйныя дадзеныя з-за малой колькасці тэстаў[5].
Выканаўчы дырэктар праграм надзвычайных сітуацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Майкл Раян меркаваў, што Індыя як краіна з вопытам барацьбы з чорнай воспай і поліяміэлітам валодае «гіганцкімі магчымасцямі» па барацьбе з COVID-19[6].
У канцы студзеня 2020 года ў штаце Керала было выяўлена трое хворых COVID-19. Усе трое былі студэнтамі, што нядаўна вярнуліся з кітайскага горада Ухань, дзе пачалася пандэмія[7].
Рэзкі рост захворвання ў Індыі пачаўся ў сакавіку. Выпадкі захворвання былі зарэгістраваныя па ўсёй краіне, у асноўным яны былі звязаныя з людзьмі, якія вярнуліся з іншых краін. Да 10 сакавіка агульная колькасць заражаных у краіне дасягнула 50[8].
12 сакавіка адбыўся першы зарэгістраваны ў Індыі выпадак смерці захварэлага COVID-19: у штаце Карнатака памёр 76-гадовы мужчына, які вярнуўся з Саудаўскай Аравіі[9].
Да 15 сакавіка колькасць хворых у Індыі перавысіла адзнаку ў 100 чалавек[10]. Да 24 сакавіка хворых у Індыі стала больш за 500[11], а 28 сакавіка — больш за 1000 чалавек[12].
У сакавіку адным з ачагоў распаўсюджвання інфекцыі ў Індыі стала мячэць Нізамудын Марказ у Паўднёвым Дэлі, дзе ў пачатку сакавіка прайшоў рэлігійны сход з удзелам больш чым 1800 чалавек, з якіх 281 былі замежнымі грамадзянамі, уключаючы грамадзян Інданезіі, Вялікабрытаніі і Францыі. Да 31 сакавіка ў прыкладна 300 чалавек з іх з’явіліся сімптомы рэспіраторнага захворвання; як мінімум, у 24 чалавек з іх быў пацьверджаны дыягназ COVID-19[13]. Толькі ў штаце Тамілнад было выяўлена 50 хворых[14].
На фоне распаўсюджвання інфармацыі аб COVID-19 і каранцінных мерапрыемстваў у індыйскіх гарадах назіраліся панічныя раскупкі ў прадуктовых крамах[15][16][17].
20 сакавіка, на наступны дзень пасля звароту прэм’ер-міністра Індыі Модзі да нацыі, рознічныя крамы Індыі зафіксавалі двухразовы рост продажаў[18].
21 сакавіка індыйская служба дастаўкі Grofers адзначыла рост анлайн-заказаў ва ўсіх штатах Індыі, уключаючы заказы прадуктаў харчавання, сродкаў для дэзінфекцыі і асабістай гігіены[19].
На фоне ажыятажнага попыту на прадукты харчавання Нарэндра Модзі запэўніў грамадзян, што ежы ў краіне дастаткова і заклікаў не паддавацца паніцы[20].
У прэсе з’яўлялася інфармацыя пра уцёкі людзей з падазрэннем на COVID-19 з-пад дамашняга каранціну або бальніц[21][22]. У дачыненні да падобных асоб складаліся заявы ў паліцыю, праводзіліся вышуковыя мерапрыемствы[23][24][25].
У Індыі атрымаў шырокае распаўсюджванне слых аб тым, што захварэць COVID-19 могуць толькі людзі, якія ядуць мяса. Гэта спарадзіла трэнд у індыйскім твітэры з хэштэгам «#NoMeat_NoCoronaVirus»[26]. Для стрымлівання гэтых чутак і прадухілення зніжэння продажаў прадукцыі жывёльнага паходжання шэраг прадстаўнікоў птушкагадоўчых кампаній, а таксама дзяржаўных дзеячаў правялі «курыную і яечную мелу» (кірмаш) у Хайдарабадзе. На ёй прадстаўнікі галіны і індыйскія дзяржаўныя дзеячы елі яйкі і курыныя сцягна. Наведвальнікі таксама маглі бясплатна паесці смажаную курыцу і яйкі[27].
Некаторыя індыйскія палітыкі заяўлялі, што каровіна мача і гной могуць «вылечыць» ад інфекцыі[28][29]. Прадстаўнік СААЗ абверг гэтыя прадузятасці і раскрытыкаваў палітыкаў, якія распаўсюджвалі дэзінфармацыюю[30][31].
У лютым і сакавіку з’явіліся даныя пра прыгнёт людзей з Паўночна-Усходняй Індыі (якая мяжуе з Тыбетам і М’янмай) у гарадах Чэнаі, Пуна і Хайдарабад на расісцкай глебе з сувязі з успышкай COVID-19[32][33][34]. Студэнты каледжа Кікоры Малі Дэлійскага ўніверсітэта, Інстытута сацыяльных навук Таты ў Мумбаі і іншых навучальных устаноў краіны таксама скардзіліся на расісцкі прыгнёт, нагодай для якога стаў распаўсюд інфекцыі[35][36][37].
Жыхары вёскі Карауна (Korauna) у акрузе Сітапур (штат Утар-Прадэш) скардзіліся на дыскрымінацыю, звязаную з падабенствам назвы вёскі і віруса[38].