Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны, тагачаснае напісанне Радашкоўская беларуская гімназія) — навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Выкладанне вялося па-беларуску. Дзейнічала ў горадзе Радашковічы ў 1922—1928 гадах, у Заходняй Беларусі (Польшча).
Спачатку навучальная ўстанова месцілася ў будынку колішняй яўрэйскай школы, а пасля перабралася ў будынак на рагу Мінскай вуліцы і Касцельнай плошчы[2].
У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навучальным годзе ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат, закладзены пры падтрымцы місіі амерыканскіх і беларускіх метадыстаў. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе беларускай культуры сярод жыхароў горада і навакольных вёсак. 3 лістапада 1923 года вучні пастаянна ладзілі тэатральныя прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул 1926/27 і 1927/28 навучальных гадах праводзіліся курсы для настаўнікаў беларускіх пачатковых школ.
Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што прывяло да закрыцця яе ў верасні 1928 года па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў Радашковіцкай беларускай гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, пераважна ў БССР; некаторыя скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі.
У 1928/29 навучальным годзе замест гімназіі, якой улады не працягнулі канцэсію, у Радашковічах дзейнічала прыватная беларуская пяцікласная школа, якая неўзабаве была закрыта.
Пэўны час у гімназіі вучыўся Яўген Скурко (Максім Танк). Выпускнік гімназіі — беларускі грамадскі дзеяч Аляксандр Калоша.
Атэстацыя Аляксандра Калошы на беларускай, польскай і лацінскай мовах, 1927 г.
Сучасны стан
Ад гімназіі на сёння захаваўся будынак былога інтэрната, які знаходзіцца па Віленскай, 1. На мясцовых могілках ёсць недагледжаная магіла выкладчыка Мікалая Чараняўскага. Помнік з надпісам «Сьветлай памяці вучыцель Радашкаўскае беларускае гімназіі Мікалай Іванавіч Чэрняўскі. Радзіўся 22.05.1883 г., памёр 02.03.1926 г. Вечная памяць дарагому настаўніку і другу» — павалены.