ганаровы грамадзянін горада Віцебска
Пётр Дзмітрыевіч Клімкоў (23 снежня 1923, в. Дарожкавічы, Круглянскі раён — 22 верасня 1997, г. Віцебск) — Герой Сацыялістычнай Працы (1966).
Скончыў 7 класаў, працаваў у калгасе.
У ліпені 1941 года добраахвотнікам пайшоў на фронт. Ваяваў на Калінінскім, Паўночна-Заходнім, 1-м Прыбалтыйскім франтах. Двойчы быў цяжка паранены.
У 1946 годзе дэмабілізаваны. У 1947 годзе пачаў працаваць інспектарам нарыхтовак Коханавіцкага раймаслапрама Віцебскай вобласці. З 1950 года працаваў памочнікам майстра на Віцебскім дывановым камбінаце. Удасканала вывучыў тэхніку, бездакорна наладжваў даручаныя яму станкі, ахвотна перадаваў свае веды і вопыт таварышам. На працягу 2 гадоў тройчы станавіўся на чале розных адстаючых участкаў вытворчасці і вывеў 3 брыгады ткачоў у лік перадавых.
За выдатныя поспехі ў выкананні заданняў і дасягненне высокіх тэхніка-эканамічных паказчыкаў па вытворчасці прадукцыі лёгкай прамысловасці прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы (09.07.1966).