Прэм’ер-міністр Рэспублікі Карэя (скарачэнне ПМРК або ПМПК; кар.: 국무총리, ханча: 國務總理) — пасада намесніка кіраўніка ўрада і другая па велічыні палітычная пасада Паўднёвай Карэі, якая прызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Карэя з адабрэння Нацыянальнага сходу. Прэм’ер-міністр можа быць членам Нацыянальнага сходу, але гэта не абавязкова, каб займаць пасаду. Прэм’ер-міністр Рэспублікі Карэя не з’яўляецца кіраўніком урада Паўднёвай Карэі, таму што прэзідэнт адначасова з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада ў краіне[1].
Эмблема Прэм'ер-міністра
З 21 мая 2022 года пасаду займае Хан Док Су.
Кітайска-карэйскае слова «гукму» (국무/國務) азначае «дзяржаўныя справы», а «чонры» (총리/總理) азначае «прэм’ер-міністр», «прэм’ер» або «канцлер», таму поўная назва на карэйскай мове азначае літаральна «прэм’ер-міністр дзяржаўных спраў», але ён не выкарыстоўваецца ў якасці афіцыйнай беларускай назвы. Кароткая назва на карэйскай мове проста «Чонры».
Пасада з’явілася 31 ліпеня 1948 года, за два тыдня да заснавання паўднёвакарэйскай дзяржавы. Першым Прэм’ер-міністрам стаў Лі Пом Сок (1948—1950). У перыяд з 1961 па 1963 гады пасада мела назву Глава Кабінета міністраў.
27 красавіка 2014 года Прэм’ер-міністр Чон Хон Вон аб’явіў аб жаданні пакінуць пасаду[3]. Аднак праз няўдалыя выбары Чон заставаўся на пасадзе да лютага 2015 года.
23 студзеня 2015 года Прэзідэнт Пак Кын Хе прапанавала лідэра партыі Сэнуры, Лі Ван Ку, у якасці новага Прэм’ер-міністра. Лі быў зацверджаны Нацыянальным сходам на пасадзе Прэм’ер-міністра 16 лютага 2015 года.[4] Але 20 красавіка таго ж году, падчас буйнага хабарніцкага скандалу, ён падаў у адстаўку.[5]
Прэм’ер-міністр з’яўляецца галоўным выканаўчым намеснікам Прэзідэнта, пры гэтым Прэзідэнт з’яўляецца фактычным кіраўніком урада, а не Прэм’ер-міністр[1]. Прэм’ер-міністр займае другую пасля Прэзідэнта пасаду ў Дзяржаўнай Радзе Рэспублікі Карэя, якая з’яўляецца намінальным кабінетам міністраў Паўднёвай Карэі. Прэм’ер-міністр дапамагае Прэзідэнту, кантралюе міністэрствы, дае рэкамендацыі міністрам і выконвае абавязкі намесніка старшыні Кабінета міністраў. Прэм’ер-міністр першым у парадку пераемнасці становіцца Выканаўцай абавязкаў Прэзідэнта, калі Прэзідэнт не можа гэтага зрабіць. Апошнім Выканаўцай абавязкаў Прэзідэнта быў Хван Кё Ан падчас імпічменту Пак Кын Хе ў 2016 годзе. Роля Прэм’ер-міністра Рэспублікі Карэя больш падобная да ролі Віцэ-прэзідэнта ЗША, чым да прэм’ер-міністраў парламенцкіх дэмакратый.
Прэм’ер-міністр, які быў прызначаны Прэзідэнтам, але яшчэ не зацверджаны Нацыянальным сходам, неафіцыйна называецца Выканаўцай абавязкаў Прэм’ер-міністра. Гэты тэрмін можа таксама прымяняцца да Прэм’ер-міністра, які падаў у адстаўку, але застаецца на сваёй пасадзе пакуль не абяруць новага прэм’ера.
Прэм’ер-міністра падтрымліваюць два Віцэ-прэм’еры. Прэм’ер-міністр Паўднёвай Карэі часам валодае некаторымі прафесійнымі ці тэхналагічнымі ведамі, тады як Прэзідэнт заўсёды з’яўляецца чыстым палітыкам[6].
Працэдура імпічменту выкладзена ў 10-й Канстытуцыі Паўднёвай Карэі 1987 года. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 65, калі Прэзідэнт, Прэм’ер-міністр або іншыя члены Дзяржаўнай Рады парушаюць Канстытуцыю або іншыя законы аб службовых абавязках, Нацыянальны сход мае права аб’явіць ім імпічмент.
У пункце 2 гаворыцца, што законапраект аб імпічменце павінен быць прапанаваны адной трэцяй часткай і ўхвалены большасцю чальцоў Нацыянальнага сходу для прыняцця. У выпадку з імпічментам Прэзідэнту, законапраект павінен быць прапанаваны большасцю і ўхвалены хаця б дзвюма трацінамі ад агульнай колькасці чальцоў Нацыянальнага сходу, гэта значыць, што 200 з 300 чальцоў парламента павінны ўхваліць законапраект. У гэтым артыкуле таксама гаворыцца, што любая асоба, у адносінах да якой была вынесена прапанова аб імпічменце, павінна быць адхілена ад ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў да вынясення рашэння па справе аб імпічменце. Аднак імпічмент не вызваляе асобу ад грамадзянскай або крымінальнай адказнасці за такія парушэнні[7].
Згодна з Законам аб Канстытуцыйным судзе 1988 г., Канстытуцыйны суд павінен прыняць канчатковае рашэнне на працягу 180 дзён пасля атрымання любой справы для вынясення рашэння, уключаючы справы аб імпічменце. Калі адказчык ужо пакінуў пасаду да вынясення рашэння, справа спыняецца.
Прэм’ер-міністр мае заробак у памеры 163 000 долараў ЗША, устаноўленую Нацыянальным сходам, а таксама пажыццёвую пенсію, якая заўсёды выдаецца былым прэм’ер-міністрам.