Сымон Будны, які выступаў за роўнасць моў у Рэчы Паспалітай, у сваіх перакладах Бібліі (1572), Новага Запавету (1574) на польскую мову і ў сваёй галоўнай польскамоўнай кнізе «Пра свецкую ўладу» (1583) шырока выкарыстоўваў лексіку розных рэгіёнаў Беларусі. Новы размах развіццю літаратуры на польскай мове ў межах Вялікага Княства Літоўскага надало прыняцце Берасцейскай уніі 1596 года, калі палемічныятрактаты, казанні, павучанні, напісаныя прыхільнікамі ці праціўнікамі уніі па-беларуску, перакладаліся на польскую мову і наадварот («Апакрысіс» Хрыстафора Філалета, 1597, «Антыкрызіс» Iпація Пацея, 1599, і інш.) Аднак у палемічнай літаратуры, якая засведчыла набыццё свецкіх рыс у контррэфармацыйны перыяд, пераважалі творы, напісаныя па-польску, незалежна ад таго, хто быў іх аўтарам — уніят, праваслаўны ці католік.
Акаталічванне і звязаная з ім паланізацыя насельніцтва Беларусі стварылі прэцэдэнт не толькі польскамоўнага асваення мясцовай рэчаіснасці, але і пераходную літаратурную сітуацыю, псіхалагічна ўраўнаважаную двухадзінствам узаемадзейных моўна-мастацкіх асаблівасцей, калі прыярытэтнасць польскамоўнай творчасці не выключала зварот аўтараў да беларускага гутарковага слова, асабліва калі рамантызм падвёў літаратуру да разнастайнага ўзаемадзеяння з фальклорам.
Беларуска-польскае двухмоўе было прыкметай развіцця новай беларускай літаратуры. У творчасці Душна-Маршнкевіча і Ф. Багушэвіча беларускай мове надаваўся статус вядучай. Гэта традыцыя працягвалася і на пачатку 20 стагоддзя (польскамоўныя вершы Я. Купалы). Творчасць ураджэнцаў Беларусі, якія, маючы польскую нацыянальна-мастацкую арыентацыю, працягвалі пісаць толькі па-польску, паступова аддалялася ад таго літаратурнага працэсу, з якога вылучалася ўласна беларуская літаратура.
У літаратуразнаўстве
Уключацьпольскамоўную літаратуру ў кантэкст беларускай пачалі толькі ў другой палове XX ст., дзякуючы працам Генадзя Кісялёва і Адама Мальдзіса[1].
Паставіць зноскі з дакладнейшым указаннем крыніцы.
Літаратура
Мархель У. І. Прадвесце. Беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст. Мн., 1991,
Мархель У. І. Прысутнасць былога. Мн., 1997
Хаўстовіч М. Гісторыя беларускай літаратуры 30–40-х гг. XIX ст.: Дапаможнік для студэнтаў філал. спец. вышэйш. навуч. устаноў. – Мн.: БДУ, 2001. – 171 с.
Штэйнер, І.Ф. Польскамоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя // Вучэбны дапаможнік. – Гомель: УА «ГДУ імя Ф.Скарыны», 2004. – 183 с.