Павуча́нне — празаічны твор павучальнага характару. Узнік у старажытнарускай літаратуры пад уплывам візантыйскай і балгарскай царкоўнай прамоўніцкай прозы. Існаваў у форме дыдактычнага «слова», пропаведзі, прамовы. Ствараліся царкоўнымі і свецкімі аўтарамі.
У Кіеўскай Русі вядома з сярэдзіны XI стагоддзя. Найбольш папулярнымі на беларускіх землях былі «словы» Іаана Златавуста (зборнікі «Златавуст», «Златаструй»), у якія пазней былі ўключаны «Словы» Кірылы Тураўскага, што далі матэрыял для старажытна-рускіх зборнікаў «Ізмарагд» і «Златыя чэпі[ru]», якія распаўсюджваліся (перапісваліся і друкаваліся) на Беларусі ў XII—XVIII стст.
Вылучаюць урачыста-ўзнёслыя і дыдактычныя павучанні. Урачыста-ўзнёслыя павучанні апавядалі пра магутнасць рускай дзяржавы, яе князёў і г.д. («Слово о законе и благодати[ru]» мітрапаліта Іларыёна, «Словы» Кірылы Тураўскага). Дыдактычныя павучанні — «настаўленні ў веры», у якіх у даступнай форме, без рытарычных акрас апавядалася пра хрысціянскія ісціны або абрады (творы Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячэрскага).
Лепшыя ўзоры павучанняў выходзілі за межы рэлігійна-царкоўнай дыдактыкі, у іх ставіліся пытанні грамадскага значэння, асветніцтва, гуманізму (творы Грыгорыя Цамблака, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага).
Асобна вылучаліся павучанні-звароты да сваіх дзяцей з мэтай перадачы ім жыццёвай і дзяржаўнай мудрасці («Павучанне Уладзіміра Манамаха»). Павучанне аб павазе да кніг змешчаны ў Ізборніках Святаслава 1073 і 1076 гадоў.
Літаратура