Палац Туркулаў-Камела, таксама Палац графа Дзедушыцкага, Палац Камела — помнік архітэктуры XІХ стагоддзя ў Львове па вуліцы Пякарскай, 50а. Першае ў Львове збудаванне ў стылі ранняй неаготыкі.
Палац пабудаваны прыблізна ў 1840—1843 гадах (па іншай версіі ў 1810—1830 гадах) за ўзорамі Венецыянскай готыкі па замове графа Генрыка Севярына Дзедушыцкага. Аўтар праекта верагодна Фрыдэрык Баўман. Як апісвае Мечыслаў Арловіч, у сярэдзіне XIX стагоддзя, калі палацам валодала графіня Феліцыя Камела (дачка графа Тадэвуша Туркула), яе сядзіба была пакрыта гонтам і выглядала як сапраўдны прыгарадны асабняк. У 20-30-х гадах XX стагоддзя палац належаў сям’і Батыцкіх. З 1937 года палац знаходзіцца ў распараджэнні акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Цяпер тут знаходзіцца вучэбны корпус Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогій імя Сцяпана Гжыцкага.