Павел Пракопавіч Рагаво́й[1][2] (16 чэрвеня 1895—28 снежня 1985) — вучоны ў галіне глебазнаўства, доктар сельскагаспадарчых навук (1943), прафесар (1943), акадэмік Акадэміі навук БССР (1953), заслужаны дзеяч навукі БССР (1949). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976).
П. П. Рагавой нарадзіўся ў вёсцы Навілаўка Магілёўскай губерні (зараз у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі). Скончыў пачатковую школу і гарадское вучылішча, у 1915 годзе — настаўніцкую семінарыю. У час Першай сусветнай вайны быў прызваны ў армію і праходзіў службу ў Сібіры і Туркестане[3]. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Рыскава Рагачоўскага павета Гомельскай губерні[4] (сучасная вёска Рыскоў у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці). У 1918 годзе паступіў на сельскагаспадарчы факультэт Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, якую скончыў у 1923 годзе. З 1923 года П. П. Рагавой на пасадзе асістэнта кафедры глебазнаўства Беларускага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі ў Мінску, з 1925 года Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, адначасова вучоны сакратар камісіі глебава-геалагічнай камісіі ў Інстытуце беларускай культуры. У 1930—1941 гг. на пасадзе загадчыка кафедры глебазнаўства і геалогіі Гомельскага лесатэхнічнага інстытута, адначасова выкладае ў Інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і ўзначальвае працы па глебазнаўстве ў Навукова-даследчым інстытуце лясной гаспадаркі[3]. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны лесатэхнічны інстытут быў эвакуіраваны ў Свярдлоўск, дзе П. П. Рагавой узначаліў кафедру глебазнаўства Уральскага лесатэхнічнага інстытута і абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Строение и водный режим почво-грунтов БССР и их роль в почвообразовании и плодородии почв»[4]. У 1944 годзе разам з інстытутам ён вяртаецца ў Мінск. У 1947 годзе П. П. Рагавой абраны членам-карэспандэнтам, у 1953 годзе акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1957—1964 гг. на пасадзе дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства, у 1964—1973 гг. загадчык кафедрай глебазнаўства Беларускага тэхналагічнага інстытута.
П. П. Рагавой займаўся вывучэннем глеб на тэрыторыі БССР, працэсаў глебаўтварэння і іх уплыву на ўрадлівасць, водных рэжымаў глебагрунтоў. Прапанаваў прынцыпы класіфікацыі глеб дзярнова-падзолістых зон. Адзін са складальнікаў глебавай карты БССР. У час працы ў Свярдлоўску прымаў удзел у экспедыцыях па вывучэнню лясоў Сярэдняга Урала.
Пад кіраўніцтвам П. П. Рагавога абаронены больш за 30 кандыдацкіх дысертацый[4]. Аўтар больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.
Сярод апублікаванага:
У Мінску на доме № 17 па праспекту Незалежнасці, у якім жыў у 1960—1984 гадах П. П. Рагавой, устаноўлена мемарыяльная дошка[6].