Павел Рабянок (нар. 23 ліпеня 1985, Арджанікідзэ, Днепрапятроўская вобласць, УССР) — украінскі футбаліст, паўабаронца.
Павел Віктаравіч Рабянок нарадзіўся 23 ліпеня 1985 года ў горадзе Арджанікідзэ Днепрапятроўскай вобласці. Пачаў кар’еру ў днепрапятроўскім «Дняпры», пасля чаго перайшоў у расійскі «Уралан», дзе гуляў у дублі пад кіраўніцтвам Леаніда Слуцкага.
Улетку 2004 года Павел перайшоў у палтаўскую «Ворсклу-Нафтагаз». У складзе новага клуба Рабянок дэбютаваў 25 ліпеня 2004 года ў матчы супраць харкаўскага «Металіста», выйшаўшы за 15 хвілін да канца гульні, аднак «зялёна-белыя» ў той дзень прайгралі з лікам 1:0. Павел гуляў у палтаўскай камандзе тры сезоны, гуляючы ў асноўным у дублюючым складзе. Усяго футбаліст правёў 40 матчаў за асноўны склад, забіўшы два галы, і 52 матчы за дубль, забіўшы чатыры мячы. У пачатку 2008 года футбаліст перайшоў у харкаўскі «Металіст», аднак замацавацца ў асноўнай камандзе не здолеў. Рабянок правёў толькі два матчы за асноўны склад, двойчы выйшаўшы на замену, а амаль ўвесь сезон правёў у дублі.
З ліпеня 2008 года на правах арэнды перайшоў у адэскі «Чарнаморац»[3], а пасля завяршэння арэнды адэскі клуб цалкам выкупіў правы на футбаліста[4]. У складзе «маракоў» Рабянок у сезоне 2009/10 гадоў вылецеў з Прэм’ер-лігі, аднак не пакінуў каманду і ўжо ў наступным сезоне дапамог «маракам» стаць срэбнымі прызёрамі першай лігі і вярнуцца ў вышэйшы дывізіён.
У ліпені 2011 года Павел вярнуўся на правах свабоднага агента ў «Ворсклу»[5], дзе адразу трапіў у асноўны склад каманды.
2 чэрвеня 2012 года разам з партнёрам па «Ворскле», Андрэем Абярэмкам, Рабянок вярнуўся ў Харкаў[6]. У новай-старой камандзе Павел зноў дэбютаваў 14 ліпеня 2012 года ў матчы чэмпіянату Украіны супраць марыупальскага «Ільічоўца». Рабянок выйшаў на поле на 68 хвіліне замест Уладзіміра Лысенкі і на пятай дададзенай хвіліне матча забіў гол. Аднак, прабіцца ў асноўны склад харкаўчан не здолеў, згуляўшы да канца года толькі 7 матчаў у чэмпіянаце, таму ў пачатку 2013 года на правах арэнды зноў вярнуўся ў «Ворсклу»[7], дзе стаў лідарам каманды і нават быў кандыдатам у нацыянальную зборную краіны[8].
Да канца года кантракт на арэнду Рабянка ў Палтаве скончыўся, а пра яго падаўжэнне «Ворскла» не змагла дамовіцца з харкаўскім клубам. У той жа час футбалістам зацікавіўся адэскі «Чарнаморац», куды Павел і вярнуўся таксама на правах арэнды [9]. 9 студзеня 2014 года быў падпісаны кантракт, разлічаны да 1 чэрвеня таго ж года. Пасля падпісання Рабянок абраў для сябе свой, 82-і нумар, пад якім гуляў і ў «Ворскле». У тым сезоне адэская каманда заняла пятае месца ў чэмпіянаце, пры гэтым адстаўшы ад другога месца ўсяго на адно ачко. Таксама клуб працягваў гуляць у кубку краіны і ў міжнародным турніры, Лізе Еўропы 2013/14. У апошнім адэсіты, дэбютуючы, выйшлі з групавога этапу, перайграўшы нідэрландскі ПСВ і ў матчах плэй-оф павінны былі гуляць з французскім «Алімпікам» з Ліёна. Вярнуўшыся ў клуб, Павел вырашыў дапамагчы «маракам» і на міжнароднай арэне, тым больш, маючы ўжо вопыт у гэтым турніры. Па завяршэнні сезона 2013/14 у Паўла і адэскага футбольнага клуба скончыўся дагавор аб арэндзе і яны яго не сталі падаўжаць.
Улетку 2014 года вярнуўся ў «Металіст», дзе стаў асноўным гульцом, згуляўшы ў першай палове сезона ў 12 матчах чэмпіянату, 2 гульнях кубка і ў 6 матчах Лігі Еўропы. Аднак у лютым 2015 года разам з шэрагам іншых гульцоў абвясціў байкот з-за нявыплаты заробку[10], з-за чаго больш не правёў ніводнага матча за харкаўчан да канца сезона.
У ліпені 2015 года на правах свабоднага агента перайшоў у беларускі клуб «Тарпеда-БелАЗ»[11]. У складзе жодзінцаў замацаваўся ў якасці асноўнага левага паўабаронцы. У студзені 2016 года па заканчэнні кантракта пакінуў склад «Тарпеда-БелАЗ» і вярнуўся ў «Ворсклу»[12], дзе спачатку быў адным з асноўных ігракоў, з 2019 года стаў часцей заставацца на лаўцы запасных. У чэрвені 2021 года завяршыў прафесійную кар’еру і стаў асістэнтам галоўнага трэнера моладзевай каманды «Ворсклы».