Нікі́фар III Ватанія́т (грэч.Νικηφόρος Βοτανειάτης); каля 1002 — 10 снежня1081) — візантыйскі імператар, які кіраваў з 1078 па 1081 гады. Ён належаў да сям’і, якая сцвярджала, што мае сваё паходжанне ад іншай візантыйскай сям’і Фокаў[2].
Нікіфар Ватаніят, паводле словаў Врыенія Малодшага, быў «адным з мужных мужоў Усходу», стаў імператарам ужо ў вельмі старэчым узросце. У пачатку 1077 года імператар Міхаіл VII зрабіў яго галоўнакамандуючым усходніх войскаў, а ў кастрычніку таго ж года Ватаніят адкрыта абвясціў пра пачатак паўстання, ачолены ім жа, і загадаў збіраць рассеяныя па Азіі войскі. З Фрыгіі ён рушыў у Віфінію, але меў вельмі мала сіл. Толькі пасля таго, як яго адкрыта падтрымаў найважнейшы горад Нікея, мяцеж стаў разрастацца і неўзабаве ахапіў усю Азію. У сталіцы Візантыі, Канстанцінопалі, таксама адбылося абурэнне. Імператар Міхаіл добраахвотна вырашыў пакінуць трон і пастрыгся ў манахі.
Авалодаўшы ўладай, Нікіфар, хоць быў ужо даволі стары, ажаніўся з прыгажуняй імператрыцай Марыяй Аланскай. Ён усяляк стараўся прыцягнуць да сябе прыхільнасць грамадзян і шчодра раздаваў падарункі. Вядома, усё гэта прывяло да таго, што выдаткі сталі далёка перавышаць даходы, і з’явіўся недахоп у грошах.