Турыстычны клуб «Навука» — грамадскае аб’яднанне, створанае ў канцы 1960-х гадоў супрацоўнікамі Акадэміі навук БССР, якія прафесійна займаліся спартыўным турызмам. За час існавання турыстычнага клуба яго ўдзельнікамі было пройдзена мноства турыстычных маршрутаў вышэйшых (V—VI) катэгорый складанасці, якія ўключалі паходы па Палярнаму Уралу, Паміру, Цянь-Шаню, хрыбту Чэрскага, архіпелагам астравоў Арктыкі і інш. Таксама ў абавязкі турыстычнага клуба ўваходзіла арганізацыя штогадовых турыстычных злетаў супрацоўнікаў АН БССР.
З-за цяжкасцей, якія ўзніклі ў навуковым асяроддзі пасля распаду СССР (у тым ліку з фінансаваннем), турыстычны клуб прыпыніў сваё існаванне ў сярэдзіне 1994 года[1].
У 2014 годзе па ініцыятыве аспірантаў і маладых супрацоўнікаў НАН Беларусі быў праведзены арганізацыйны сход, асноўнай мэтай якога было ўзнаўленне дзейнасці турыстычнага клуба НАН Беларусі[1]. Падчас сходу быў зацверджаны новы статут клуба, выбраны старшыня. Пазней турклуб быў зарэгістраваны ў Рэспубліканскім турысцка-спартыўным звязе (раней Федэрацыя спартыўнага турызму Беларусі). Першымі чальцамі новага турыстычнага клуба сталі 45 супрацоўнікаў з некалькіх арганізацый НАН Беларусі — Інстытута фізікі, Інстытута фізіка-арганічнай хіміі, Інстытута энергетыкі, Аб’яднанага Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» , Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі[1].
Удзельнікамі ўзноўленага турысцкага клуба за першы год яго існавання былі арганізаваны рэгулярныя трэніроўкі па тэхніцы альпінізму, арганізаваны і праведзены катэгарыйныя паходы па Карпатах, Ліпічанскай пушчы, Сарачанскіх і Блакітных азёрах, праведзена каля 20 некатэгарыйных паходаў па цікавым у рэкрэацыйных адносінах лясным, рачным і азёрным мясцінам Беларусі.