Мінская агламерацыя («Вялікі Мінск») — найбольшая і адзіная агламерацыя на тэрыторыі Беларусі. Уключае ў першую чаргу горад Мінск і Мінскі раёнМінскай вобласці, хоць яе ўплыў адчуваецца і ў некаторых рэгіёнах сумежных абласцей. Ядром агламерацыі з'яўляецца горад Мінск з насельніцтвам 2,018 мільёна чалавек у канцы 2019 года. У зоне 1,5-гадзінны даступнасці Мінска ў 2010 годзе пражывала каля 2,645 мільёна чалавек. Мінская агламерацыя з'яўляецца адносна маладой: яе фарміраванне пачалося толькі ў другой палове XX стагоддзя. Менш чым за 40 год агламерацыя дасягнула вялікай ступені развіцця. У постсавецкай Беларусі ўлады заахвочваюць развіццё перыферыі агламерацыі і стрымліваюць рост ядра агламерацыі.[1]