Мікалай (Мікола) Уладзіміравіч Аксаміт (18 мая 1954 — 28 студзеня 2024, Ваўкавыск) — беларускі палітык і праваабаронца, у 1990—1995 гадах — адзін з членаў Апазіцыі БНФ у складзе Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання.
Нарадзіўся 18 мая 1954 года. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
На парламенцкіх выбарах 4 сакавіка 1990 года абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання ад Ваўкавыскай гарадской выбарчай акругі № 248. Быў членам Камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
26 жніўня 1991 года галасаваў за прыняцце Закона «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР» і пастановы Вярхоўнага Савета «Аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларускай ССР, дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і ўласнасці Камуністычнай партыі Беларусі і Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі»[3]. У лістападзе 1991 года быў накіраваны ад Вярхоўнага Савета на вучобу ў Беларускі інстытут правазнаўства[4].
У красавіку 1995 года ўдзельнічаў у галадоўцы пратэсту супраць правядзення рэферэндуму, сярод пытанняў якога была змена дзяржаўнай сімволікі і наданне рускай мове статусу дзяржаўнай[5].
Працаваў юрыстам у праваабарончым цэнтры «Аслона».
У 2004 годзе быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату прадстаўнікоў[6]. Пасля выбараў два тыдні трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання[7][8].
Памёр 28 студзеня 2024 года ў Ваўкавыску пасля запланаванай аперацыі[9].