Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (МВЖСД) (руск.: Московское училище живописи, ваяния и зодчества (МУЖВЗ)) — адна з вядучых мастацкіх навучальных устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі.
У 1830 годзе група мастакоў-аматараў і прафесійных жывапісцаў утварылі ў Маскве творчы кружок — «натурны клас», які ў 1834 годзе атрымаў назву «Мастацкі клас», які размясціўся на Вялікай Нікіцкай вуліцы. У 1843 годзе ён быў ператвораны ў «Вучылішча жывапісу і разьбярствы» Маскоўскага мастацкага таварыства. У 1844 годзе вучылішча размясцілася на Мясніцкай вуліцы, у доме Юшкова. У 1865 годзе да яго было далучана Маскоўскае палацавае архітэктурнае вучылішча пры Маскоўскай палацавай канторы (раней пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва), пасля чаго ўстанова, уласна, і атрымала назву Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Выпускнікі вучылішча фактычна мелі той жа статус, што і выпускнікі Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў.
У 1896 годзе вучылішча было пераўтворана ў вышэйшую навучальную ўстанову з агульнаадукацыйным, архітэктурным і мастацкім аддзяленнямі. Курс навучання доўжыўся 8 гадоў для жывапісцаў і скульптараў і 10 гадоў для архітэктараў. З 1896 па 1917 гг. дырэктарам Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства быў князь Аляксей Яўгенавіч Львоў. З 1915 года вучылішча знаходзілася ў распараджэнні Міністэрства гандлю і прамысловасці.
Пасля рэвалюцыі, у 1918 годзе, вучылішча было ператворана ў Другія дзяржаўныя свабодныя мастацкія майстэрні, пасля гэтыя Майстэрскія былі рэарганізаваны ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава і Маскоўскі архітэктурны інстытут.
Выпускнікі архітэктурнага аддзялення МВЖСД звычайна атрымлівалі званне мастака архітэктуры. Тыя, хто атрымалі малы сярэбраны медаль ганараваліся званнем някласнага мастака архітэктуры; вялікі сярэбраны медаль — класнага мастака архітэктуры. З 1909 года статус архітэктурнага аддзялення МВЖСД быў павышаны: выпускнікам стала прысвойвацца званне архітэктара[1]. Цяпер у будынку МВЖСД размяшчаецца Расійская Акадэмія жывапісу, скульптуры і дойлідства. Адзін з карпусоў МВЖСД быў знесены ў кастрычніку 2014[2].