Ма́ска — рака ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Рова (прыток Бярэзіны, басейн Дняпра).
Назва
Назва балцкага паходжання, калі толькі гэта назва аўтэнтычная (складальнік спісу рэк дняпроўскага басейна П. Маштакоў у сваім каталогу не згадвае і не пазначае ракі Маскі, не знайшоўшы яе, такім чынам, на даўнейшых картах[2]).
Звязана з літоўскім maskėti «спешна кудысьці бегаць», maskatuoti «гайдацца падвешаным; гайдаць, зрушваць; спешна ісці; балбатаць; гарэзнічаць», maskatas «лахманы» (кавалкі вопраткі, што развяваюцца на ветры).
Корань Mask- таксама ў назве ракі Масква (прыток Акі), дзе ён пашыраны пашыральнікам -(u)v-, які на Павоччы ён таксама ў рачных назвах Пратва, Смядва[3], а на захадзе ад іх у назвах дняпроўскіх рэк Цітва, Водва[4].
Назва канфігурацыйнага значэння, адлюстроўвае выгіны рачнога рэчышча. Напрыклад, рака Масква звілістая і ў верхнім цячэнні каля Мажайска, і ў сярэднім каля Звянігарада, і на тэрыторыі цяперашняй Масквы (11 вялікіх петляў на 20-кіламетровай прасторы па прамой)[5].
Тыпалагічныя аналагі — літоўскія азёрныя назвы тыпу Tabalys, балцкія рачныя назвы тыпу Табола паблізу цячэння ракі Масквы (Таболка і Таболаўка — яе правыя прытокі, Табола — на поўдні ад яе вусця). Яны звязаныя з літоўскім tabaluoti «кідацца ў бакі; хістацца; гайдацца падвешаным; хвалявацца», tabalas «рэч, што гайдаецца»[6][7].
Значэнне рачной назвы Маска можна перадаць як «Звілістая (рака)».
Гідраграфія
Даўжыня ракі 14 км. Плошча вадазбору 89 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 1 м/км.
На сёння выток ракі знаходзіцца за 2 км у напрамку на паўночны захад ад хутара Рыбачнае.
Выток ракі, што на пазнейшых картах пазначаная як Маска, станам на другую палову XIX стагоддзя карты паказваюць з возера Рыбачнае (побач з паселішчам Рыбачнае). На пазнейшых картах прыток у Маску ўжо паказаны таксама і з суседняга возера Краснае, або Святое Краснае (на захадзе ад Рыбачнага). Таксама на ранейшых картах рака Маска пазначаная як рака Рова, а цяперашняе рэчышча Ровы (да сутокаў з цяперашняй Маскай) пазначанае як рака Лужа (меркавалася левым прытокам Ровы). Складальнік спісу рэк дняпроўскага басейна П. Маштакоў у сваім каталогу не згадвае і не пазначае ракі Маскі, не знайшоўшы яе, такім чынам, на даўнейшых картах[2].
Упадае ў Рову прыкладна за 2 км у напрамку на ўсход ад вёскі Персцень, на паўночны захад ад вёскі Сяменькавічы.
Рэчышча Маскі каналізаванае. Вадазбор на поўначы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Прытокі — меліярацыйныя каналы. Каля ракі вёска Забашэўка.
Крыніцы
- ↑ Ліст карты N-35-70. Выданне 1980 г. (руск.)
- ↑ а б П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 262.
- ↑ В. Н. Топоров. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто-славянские исследования. 1981. Москва, 1982. С. 28.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 154.
- ↑ В. Н. Топоров. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто-славянские исследования. 1981. Москва, 1982. С. 30.
- ↑ В. Н. Топоров. Балтийские следы на Верхнем Дону // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1997. С. 317.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 338—339.
Літаратура
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — С. 310. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
- Республика Беларусь. Минская область: Общегеографический атлас (руск.) / Ред. Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2008. — С. 16. — 48 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-054-2.
- Природа Белоруссии: Популярная энциклопедия (руск.) / Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — 2-е изд. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 599 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-85700-001-7.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область (руск.) / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 20. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7.
- Ліст карты N-35-70. Выданне 1980 г. (руск.)
Спасылкі