Львоўская цытадэль — крэпасць, фартыфікацыйнае збудаванне паблізу цэнтра Львова.
Падчас Першай сусветнай і Другой сусветнай войнаў умацаванні ў баявых дзеяннях не выкарыстоўваліся. Тут размяшчаліся казармы аўстра-венгерскіх (да 1914 г. і пазней - у 1915-1918 гг.), затым рускіх (1914-1915 гг.), польскіх (1918-1939 гг.) і савецкіх войскаў (пасля 1944 гг.).
Месцапалажэнне
Львоўская цытадэль знаходзіцца на ўзгор'і, якое ўтварылі тры невялікія гары - гара Шэмбэка (Враноўскіх), гара Пазнанская (Пельчынская) і Жабрацкая (Каліча) гара. У ландшафтна-геалагічным плане Цытадэль таксама можна трактаваць як плоскавяршынны астанец пасярод Львоўскага плато. Цытадэль атачаюць вуліцы Вітоўскага, Каперніка, Стэфаныка, Каліча Гара, Драгаманава і інш.
Фартыфікацыя цытадэлі была запраектавана аўстрыйскімі вайскоўцамі пасля падаўлення рэвалюцыі 1848 г. З гэтага ўзгор'ка 2 лістапада 1848 г. аўстрыйцы абстралялі горад, лёгка падавіўшы супраціў паўстанцаў. Размешчаная тут артылерыя лёгка кантралявала горад; з трох бакоў узгор'е ад нападаў абаранялі стромкія схілы, каля гары Шэмбэка праходзіў Стрыйскі тракт, што дазваляла перакідваць воінскія падраздзяленні з паўднёвага кірунку; акрамя таго на месцы сучаснага Парку культуры імя Б. Хмяльніцкага быў Пельчынскі стаў, які мог быць крыніцай вады для гарнізона крэпасці.
Будаўніцтва
На працягу 1852—1854 гг. былі пабудаваныя галоўны корпус казармаў, дзве квадратныя ў плане вежы, чатыры вежы Максіміліяна (дзве вялікія з дыяметрам 36 метраў на поўнач ад казармаў, і дзве меншыя з унутраным дыяметрам 18 метраў).
Подступы да цытадэлі былі ўмацаваныя трыма сістэмамі траншэй на адлегласці 1,3 км ад цэнтра цытадэлі. У 1888 г. былі пабудаваны 9 дапаможных фартоў ў радыусе 4 км ад цытадэлі. У 1912—1914 гг. на 8 км ад цытадэлі былі пабудаваныя яшчэ 11 фартоў: у Грыбовічах, Дублянах, Лысынычах, Сыхаве, Зубры, Сакольніках, Скнылаве, Расном і інш.
Умацаванні цытадэлі, захаваўшыяся да нашых дзён, складаюцца з трохпавярховага будынка казармаў і шасці вежаў. Дзве масіўныя, квадратныя ў плане вежы з зубчастым атыкам, фланкіруют з тарцоў корпус казармаў. Яшчэ чатыры вежы Максіміліяна размешчаны на поўдзень і на поўнач ад казармаў на невялікай адлегласці адна ад адной. Усе будынкі пабудаваныя з чырвонай цэглы, а парталы і вадазлівы — з часанага камення.
Планы перабудовы
Яшчэ да Першай сусветнай вайны гарадскія ўлады прапаноўвалі разабраць ўмацаванні і зладзіць тут гарадскі парк плошчай 20 га.
У 1943 г., падчас нацысцкай акупацыі, спецыялісты Цэнтральнага тэхнічнага аддзела ў Кракаве прапанавалі план перабудовы цэнтральнай часткі Львова ў рамках нямецкай праграмы «рэканструкцыі нямецкіх гарадоў» пад кіраўніцтвам А. Шпэера. Цытадэлі ў гэтым плане надавалася роля дамінанты, т.зв. "Кароны горада".
Сярэднюю вышыню забудовы праектавалі на пяць-шэсць паверхаў, а таксама дзве архітэктурныя дамінанты агульнагарадскога значэння ўдвая большай вышыні: вежа будынка адміністрацыі дыстрыкту Галіцыя і званіца каля Палаца супольнасці. Побач павінны былі быць пабудаваны дом нацыянал-сацыялістычнага руху і вермахта. Для забеспячэння адпаведных умоў візуальнага ўспрымання новай дамінанты праектавалася новая плошча са зносам кварталаў левага боку вул. Каперніка ад пл. Міцкевіча да вул. Славацкага.
Канцэнтрацыйны лагер
У гады Другой сусветнай вайны тут быў лагер для савецкіх ваеннапалонных Шталаг-328. Ён быў арганізаваны нямецкімі ўладамі ў ліпені 1941 г. Для ўзмацнення аховы немцы збудавалі сістэму невялікіх бетонных дотаў, размешчаных па крузе на схілах гары. Памяшканні для допытаў і камеры смяротнікаў размяшчаліся ў вялікай Максімільянаўскай вежы №2. Пад пагрозай расстрэлу нямецкая адміністрацыя прымушала зняволеных працаваць з раніцы да позняй ночы. Памяшканні лагера не абаграваліся. На аснове паказанняў сведак устаноўлена, што ў лагеры за час яго існавання ўтрымлівалася больш за 280 тыс. ваеннапалонных, з якіх ад голаду, хвароб, катаванняў і расстрэлаў загінула звыш 140 тыс. чалавек.