Grass Crown[d]
Луцый Карнелій Сула, пазней прыняў дадатковае імя Фелікс (лац.: Lucius Cornelius Sulla Felix) — старажытнарымскі палітык, дыктатар з 82 па 79 да н.э., консул 88 да н.э. і 80 да н.э..
Нарадзіўся ў збяднелай патрыцыянскай сям’і ў 138 да н.э. Атрымаў усебаковую адукацыю. Удзельнічаў у Югуртынскай вайне, у вайне супраць кімвраў і тэўтонаў, а таксама ў Саюзніцкай вайне.
Быў абраны консулам на 88 да н.э. разам з Квінтам Пампеям Руфам. У канцы года народны трыбун Публій Сульпіцый Руф спрабаваў выкарыстаць незадаволенасць італікаў сваім грамадска-палітычным становішчам (італікі галасавалі апошнімі, таму іх галасы амаль нічога не вырашалі) і з іх дапамогай адхіліць Сулу ад камандвання рымскай арміяй на карысць Гая Марыя. Сула і Пампей Руф спаслаліся на немагчымасць склікання народнага сходу, бо Сульпіцый ужо пераканаў рымскіх плебеяў у неабходнасці прыняцця гэтага рашэння. Тады Сульпіцый са сваімі паплечнікамі заняў форум і стаў патрабаваць неадкладнага дазволу на галасаванне па свайму закону. Аднак пагрозамі і забойствам сына Пампея Руфа Сульпіцый атрымаў дазвол на правядзенне закона. Скора ён быў прыняты, і італікаў пераразмеркавалі, што дало ім значную колькасную перавагу над уласна рымлянамі. Пасля гэтага была прынята пастанова, па якой Сула быў юрыдычна пазбаўлены камандавання арміяй.
Але ж Сула першым трапіў у вайсковы лагер, дзе пераканаў салдат у неабходнасці пайсці на Рым, заняць яго і выгнаць Сульпіцыя і яго паплечнікаў. Нечакана рымская армія парушыла забарону на з’яўленне войскаў у Рыме і ўзяла кантроль над горадам. Сульпіцый, Марый і іншыя (усяго 12 чалавек) былі выгнаны, а Сула і Пампей Руф прынялі шэраг пастаноў, якія абмяжоўвалі правы народных трыбунаў і павялічвалі ролю сената.
Аднак у гэты час у Грэцыі і Малай Азіі цар Мітрыдат VI пагражаў рымскаму валадарству. Таму Сула пакінуў Італію і адправіўся на вайну з Мітрыдатам. Сула планаваў скора скончыць вайну і вяртацца ў Рым. Аднак консул 87 да н.э. Луцый Карнелій Цына здрадзіў рэспубліцы і разам з Марыем і іншымі выгнаннікамі захапіў Рым.
У некалькіх бітвах Сула разбіў паплечнікаў Мітрыдата, а калі даведаўся пра пагаршэнне сітуацыі ў Рыме, то заключыў з Мітрыдатам мір і вярнуўся ў Італію.
У 83 да н.э. Сула высадзіўся ў Паўднёвай Італіі і пачаў хутка рухацца на Рым. У горадзе Прэнэстэ быў абложаны Гай Марый малодшы — лідар ворагаў Сулы. У бітве каля Колінскіх варот Сула з цяжкасцю перамог апошнія войскі марыянцаў. Галовы варожых лідараў былі адрэзаны, і іх пранеслі вакол Прэнэстэ, пасля чаго жыхары адчынілі вароты. Грамадзянская вайна скончылася.
Пасля ўваходжання ў Рым у 82 да н.э. Сула склікаў народны сход і прапанаваў яму прыняць пастанову, па якой Суле даваліся б паўнамоцтвы дыктатара, але на неабмежаваны час[4].
Скора Сула пачаў праскрыпцыі — арганізаваныя рэпрэсіі. Гэта былі таблічкі, якія складаліся Сулай, з імёнамі тых, каго было патрэбна забіць. Забойца атрымліваў палову маёмасці забітага і поўнае прабачэнне ад дыктатара. Сыны і ўнукі забітых не мелі права займаць пасады. Праскрыпцыі, акрамя асабістых ворагаў Сулы, закранулі таксама шмат заможных рымлян.
Акрамя таго, Сула папоўніў сенат сваімі паплечнікамі і падарыў сваім ветэранам значныя зямельныя ўчасткі.
У 79 да н.э. Сула нечакана для ўсіх адмовіўся ад улады. Хутка, у 78 да н.э., ён памёр ад невядомай хваробы і быў пахаваны шматлікімі грамадзянамі, якія былі удзячны яму за заканчэнне серыі братазабойчых войнаў.